Паводле абвінавачання, Вячаслаў Папоў узяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, дзейнічаў сумесна з невядомай групай асоб у Мінску ў перыяд часу з 22.00 гадзін 9 жніўня па 01.11 гадзін 10 жніўня, з 14.30 да 17.04 гадзін 30 жніўня і з 15.46 да 17.46 27 верасня 2020 года: знаходзіўся на праезнай частцы дарог, перакрываў шлях руху транспарту, парушаў грамадскі парадак і правы грамадзян на спакойную працу і адпачынак, выкрыкваў лозунгі, а 9 жніўня — і абразлівыя словы ў адрас супрацоўнікаў праваахоўных органаў. 27 верасня сярод іншага — наклеіў стыкер на святлафор і выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь». Сваімі дзеяннямі здзейсніў злачынства па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Сёння ж суддзя Юлія Шут абвясціла прысуд па справе:

Вячаслава Папова прызнаць вінаватым у актыўных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікам улады, што прывялі да парушэння працы транспарту і прадпрыемстваў, і на падставе ч. 1 арт. 342 КК прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 3 гады.

Вячаслаў Папоў быў вызвалены з-пад варты ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе да ўступлення прысуду ў сілу і накіравання ў папраўчую ўстанову.