«Заклікаем Раду ЕС як мага хутчэй пашырыць спіс асоб і арганізацый, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ЕС, уключыўшы туды адказных за перахоп і прымусовую пасадку рэйса Ryanair, а таксама за затрыманне Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі», — гаворыцца ў дакуменце.

У ім таксама ідзе гаворка пра неабходнасць тэрмінова прывесці ў выкананне чацвёрты пакет санкцый, які ўключае асоб, «датычных да электаральных махінацый і парушэння правоў чалавека», суддзяў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія ўдзельнічалі ў затрыманні і прыцягненні да адказнасці апазіцыянераў.

Асобна аўтары рэзалюцыі заклікалі ўвесці санкцыі супраць тэлежурналіста Марата Маркава, які браў інтэрв'ю ў затрыманага Пратасевіча.

Таксама прапануецца ўвесці сектаральныя санкцыі, «якія закранаюць гандаль сырой нафтай і нафтавымі прадуктамі, калійную, сталеліцейную і дрэваапрацоўчую прамысловасць».

Акрамя таго, аўтары рэзалюцыі заклікаюць спыніць супрацоўніцтва і фінансаванне беларускіх дзяржаўных банкаў і абмежаваць крэдытныя лініі міжнародных банкаў для даччыных банкаў у Беларусі, а таксама разгледзець пытанне аб часовым выключэнні Беларусі з сістэмы SWIFT.

Да санкцый, у тым ліку забароны на палёты для беларускіх авіякампаній, прапануюць далучыцца і іншым краінам-партнёрам ЕС.

Еўрапарламентарыі заяўляюць аб неабходнасці прыпыніць супрацоўніцтва еўрапейскіх кампаній, у прыватнасці Siemens, з беларускімі партнёрамі, а таксама перадачу тэхналогій. Пры гэтым яны заклікаюць да скаардынаваных дзеянняў ЕС па кампенсацыі шкоды краінам, якія пацярпелі ад санкцый з боку Мінска, і пераарыентацыі бізнэсу на прыватныя кампаніі, не звязаныя з уладай.

«Еўрапарламент сур'ёзна заклапочаны спрыяннем Расіі рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку за кошт фінансавай падтрымкі і цеснага супрацоўніцтва спецслужбаў», — гаворыцца ў дакуменце.

Яго аўтары заклікаюць «расследаваць ролю Расіі» ў інцыдэнце з вымушанай пасадкай самалёта Ryanair і, у выпадку выяўлення датычных да гэтага наўпрост ці ўскосна грамадзян РФ, увесці ў дачыненні да іх санкцыі.

Краіны-ўдзельніцы ЕС заклікаюць аб'яднаць намаганні, асабліва па частцы абмену разведзвесткамі, па сітуацыі ў Беларусі і «выслаць усіх вядомых афіцэраў беларускай выведкі» з тэрыторыі ЕС.

«Заклікаем старшыню абмежаваць доступ супрацоўнікаў амбасады Беларусі ў Брусэлі ў Еўрапарламент, а таксама іх фізічны і віртуальны ўдзел у мерапрыемствах ЕП і перагледзець пытанні абмену інфармацыяй з беларускай дыпмісіяй», — абвяшчае дакумент.

Еўрадэпутаты выступілі за прыпыненне членства Беларусі ў міжнародных спартыўных арганізацыях і абмежаванне доступу зборнай краіны на міжнародныя спаборніцтвы, у тым ліку Алімпійскія Гульні ў Токіа.

Таксама яны выказаліся за пазбаўленне беларускага дзяржтэлебачання правоў на трансляцыю матчаў чэмпіянату Еўропы па футболе і за бязвыплатную перадачу гэтых правоў «Белсату».

Рэзалюцыя Еўрапарламента мае рэкамендацыйны характар.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?