Аляксей Навальны, ТАСС

Маскоўскі гарадскі суд прызнаў экстрэмісцкімі арганізацыямі Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК) Аляксея Навальнага, а таксама Фонд абароны правоў грамадзян і яго штабы, паведамляе РБК.

Пасяджэнне праходзіла ў закрытым рэжыме, у адсутнасць прэсы і слухачоў: пракуратура сцвярджала, што ў матэрыялах ёсць даныя, якія складаюць дзяржтаямніцу.

Адвакаты аб'яднання «Каманда 29», якое прадстаўляла інтарэсы арганізацый, падавалі сустрэчны пазоў аб рассакрэчванні справы, які суд адхіліў. Таксама прадстаўнікі адказчыкаў патрабавалі суд растлумачыць, ці могуць азнаёміцца з сакрэтнымі матэрыяламі самі супрацоўнікі ФБК; суддзя Палыга таксама адхіліў адпаведнае хадайніцтва.

Унесці арганізацыі Навальнага ў спіс экстрэмісцкіх запатрабавала 16 красавіка пракуратура Масквы.

Апроч іншага, супрацоўнікі структур Навальнага і яго прыхільнікі цяпер не змогуць удзельнічаць у выбарах.

4 чэрвеня Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які забараняе балатавацца людзям, якія маюць дачыненне да дзейнасці экстрэмісцкай арганізацыі (вядомы як «закон супраць ФБК»). Дакумент фактычна мае зваротную сілу: у выбарах не змогуць удзельнічаць людзі, якія працавалі ў арганізацыі яшчэ да таго, як яе прызналі «экстрэмісцкай». Для кіраўнікоў забарона дзейнічае пяць гадоў з моманту рашэння суда, для радавых супрацоўнікаў і прыхільнікаў — тры гады.