Эксперты з лонданскай бальніцы Кінгс-Коледж вывучылі выпадкі фенамену, што ўжо атрымаў назву маскнэ — выпадкі паталогій скуры, звязаныя з нашэннем маскі для твару і іншых сродкаў індывідуальнай абароны. У тым ліку навукоўцы звярнулі ўвагу на розныя варыянты шчыткоў для твару, рэспіратары і спецыяльныя акуляры, піша Daily Mail.

Згодна з артыкулам, які медыкі апублікавалі ў выданні British Medical Journal, самая частая праблема пры нашэнні масак — кантактны дэрматыт, выкліканы раздражненнем. У асноўным ён сустракаецца ў выпадках, калі чалавек носіць маску больш за шэсць гадзін за дзень. Лячэнне — спыненне нашэння масак і ўжыванне сіліконавай падкладкі пад маску, каб абараніць скуру.

Сярод іншых наступстваў нашэння маскі для скуры ёсць тыя, што выкліканыя рэакцыяй гіперадчувальнасці на нейкі кампанент у складзе маскі. Напрыклад, гэта можа быць гума ў рэспіратарах або дрот, што выкарыстоўваюць у аднаразавых масках, каб яны лепей трымаліся на твары. Такія выпадкі лепей лячыць кароткім курсам прэпаратаў накшталт гідракартызону.

Што датычыць частаты праблем, з імі сутыкнулася 54% удзельнікаў даследавання. Выпадкі, калі маска шкодзіць скуры, часцей за ўсё былі звязаныя з павышэннем тэмпературы скуры і яе ўвільгатненнем вакол зоны, прыкрытай маскай. Гэта можа выклікаць не толькі з’яўленне новых хвароб скуры, але і пагаршэнне ўжо існуючых, напрыклад атапічнага дэрматыту.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?