Макет БРЭСТ-300

БРЭСТ-300 — гэта расійскі праект унікальнага энергаблока з рэактарнай устаноўкай на хуткіх нейтронах (Быстрый РЕактор со Свинцовым Теплоносителем). Рэактар пачала будаваць дзяржкарпарацыя «Расатам» у закрытым горадзе Северск Томскай вобласці, піша ТАСС.

Рэактары на хуткіх нейтронах лічацца больш эфектыўнымі і бяспечнымі, чым рэактары на цеплавых нейтронах.

Будаўніцтва рэактара ажыццяўляецца ў межах праекта «Прарыў», накіраванага на стварэнне новай тэхналагічнай платформы атамнай галіны з замкнёным ядзерным паліўным цыклам.

БРЭСТ-300 — галоўны аб’ект энергетычнага комплексу, які будзе створаны на пляцоўцы Расатама «Сібірскі хімічны камбінат». Акрамя рэактара, тут яшчэ пабудуюць комплекс па вытворчасці ядзернага паліва для энергаблока, а таксама комплекс па перапрацоўцы выкарыстанага паліва. У выніку павінен атрымацца замкнёны ядзерны паліўны цыкл, які дасць магчымасць не толькі вырабляць электрычнасць, але і рабіць з адпрацаванага ў рэактары паліва новае. Інакш кажучы, «Расатам» плануе стварыць штосьці накшталт бясконцай крыніцы ядзернага паліва, што можа вырашыць праблему ядзерных адкідаў.

Яшчэ адной асаблівасцю праекта з’яўляецца канцэпцыя «натуральнай бяспекі». Пад гэтым распрацоўшчыкі рэактара маюць на ўвазе ядзерную і радыяцыйную бяспеку за кошт паслядоўнай адмовы ад тэхнічных рашэнняў, якія патэнцыйна ўяўляюць сабой пагрозу аварыі. Гэта значыць, што сам рэактар і яго паліва мусяць быць настолькі бяспечнымі, што не будзе неабходнасці ў вялікай колькасці тэхнічных сродкаў і сістэм для забеспячэння бяспекі, што ў будучыні можа зрабіць будаўніцтва АЭС больш танным і простым.

Запуск рэактара ў эксплуатацыю запланаваны на 2027 год.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?