Паважаны …

Мяне завуць Наталля Бабіна, я пісьменніца. А родам я з вёскі Заказанка, якая знаходзіцца за 17 км ад Брэста (можа, ведаеце такую?). Нядаўна я са шчымлівым сэрцам праходзіла міма месца, дзе вы цяпер знаходзіцеся, і вырашыла напісаць Вам.

У адным з маіх раманаў, які называецца «Рыбін горад», напісаным у 2007 годзе, дзеянне адбываецца ў Брэсце, а частка дзеянні — непасрэдна ў СІЗА, дзе Вы зараз знаходзіцеся. Галоўная гераіня рамана, Алка Бабылёва, трапляе туды і сядзіць там некаторы час. Пра што раман? Па вялікім рахунку, пра тое, што дабро заўсёды перамагае, аб барацьбе чалавечнасці і подласці, аб салідарнасці і дружбе. У маім рамане менавіта знаходжанне ў зняволенні дапамагае галоўнай гераіні знайсці велізарны скарб — скарб, пакінуты продкамі, і дапамагаюць ёй у гэтым, у тым ліку, супрацоўнікі СІЗА і яго начальнік, якія ставяцца да яе не толькі па законе, але і па-людску і гуманна. Так, як і павінны ставіцца людзі адзін да аднаго, калі яны людзі.

Цяпер, калі многім добрым людзям даводзіцца быць у зняволенні, міжволі ўспамінаюцца розныя факты з гісторыі турмаў у Брэсце.

Так, вы, напэўна, ведаеце, што турма ў будынку, дзе вы цяпер знаходзіцеся, была ўжо і пры Польшчы. Мая бабуля, Карнялюк Пелагея Максімаўна, распавядала, што зняволеныя тады мелі магчымасць высоўвацца з вокнаў, перагаворвацца з людзьмі на вуліцы. Яны часта прасілі што-небудзь паесці. Бабуля хадзіла ў Брэст прадаваць шчаўе ці сыр. Тады мастоў яшчэ не было, а насупраць турмы быў паром. Сям'я бабулі жыла небагата, і на абед яна магла сабе дазволіць толькі кавалак хлеба. Дык вось, яна брала з сабой акрайчык хлеба, каб паабедаць, і абавязкова яшчэ адну лусту. Калі яна праходзіла з парома да рынку, які тады размяшчаўся там, дзе цяпер рынак за ЦУМам, то аддавала гэтую скібку тым, хто быў у турме.

Яшчэ такі выпадак распавядаў мне наш зямляк з вёскі Крытышын Іванаўскага раёна Уладзімір Ігнатавіч Леанюк. У 1951 годзе ён вучыўся ў школе, у дзесятым класе. Яго арыштавалі за тое, што ён пісаў ад рукі ўлёткі. Тры дні яго трымалі ў Пінску, не кармілі, а потым перавезлі ў Брэст, у турму, дзе цяпер СІЗА. Дык вось, Уладзімір Ігнатавіч распавядаў, што, калі яго прывезлі, наглядчык прынёс яму вячэру. Бачачы, як галодны юнак хутка з'еў усё, ён уздыхнуў і дадаў яму яшчэ порцыю, і дадаваў, пакуль той не наеўся… Пакуль хлопчык сядзеў у турме, яго сям'ю выслалі з Крытышына ў Казахстан. Таму наведвала яго толькі пажылая жанчына, як тады казалі — «наймычка», работніца, якая наймалася ў іх сям'ю працаваць. Яна прыходзіла, прыносіла няхітрую ежу — хлеб, картоплі, часам адно-два яйкі або маленькі кавалачак сала. Гладзіла падлетка па галаве і казала яму: «Дытынко, трымайся і нэ давайся»…

Уладзімір Ігнатавіч з гонарам прайшоў усе выпрабаванні, выйшаў на волю, стаў вядомым грамадскім дзеячам, пражыў 81 год.

Таксама цікавыя выпадкі з турэмнага жыцця апісваў ганаровы грамадзянін Брэста, падпольшчык з КПЗБ Васіль Пятровіч Ласковіч ў сваёй кнізе «З племені няскораных». У 30-х гадах, пры паляках, дваццацігадовым хлопцам, яму таксама давялося сядзець. Ён піша, напрыклад, пра наглядчыка па мянушцы Конская Галава. Гэты Конская Галава быў жорсткім чалавекам.

І зняволеныя дамовіліся паміж сабой: калі Конская Галава ці іншыя наглядчыкі пачыналі кагосьці біць, чалавек крычаў з усёй сілы: «Не біце! Не біце! — і ўсе, хто гэта чуў, тут жа падхоплівалі гэты крык. Неўзабаве крычала ўся турма, і крык быў чутны на вуліцы. Гэтыя факты траплялі ў прэсу розных краін, і так зняволеным удалося дамагчыся, што збіццё ў турме спыніліся. Пазней Васіль Пятровіч стаў юрыстам, займаў у Брэсце высокія пасады і, як я ўжо пісала, атрымаў званне ганаровага грамадзяніна горада Брэста.

Нядаўна я размаўляла з мамай аднаго хлопца, які цяпер таксама ў зняволенні. І яна распавяла пра факт, які мяне вельмі ўразіў.

Хлопец напісаў з турмы: «Мама, я раней усё думаў: за што я тут? А цяпер думаю: дзеля чаго я тут?» Якая глыбокая думка! Усе мы рана ці позна задумваемся над пытаннем: дзеля чаго мы тут, на гэтым свеце? Усім нам рана ці позна даводзіцца адказваць на гэтае пытанне на судзе — ці на зямным, ці на нябесным, які называюць яшчэ Страшным судом. Момант ісціны надыходзіць для кожнага — і для зняволенага, і для наглядчыка, і для начальніка, і для падначаленага.

Веру, што калі чалавек адданы дабру і справядлівасці, то ён годна пройдзе і ўсе суды, а лёс ўзнагародзіць яго скарбам, як узнагародзіла гераіню майго рамана. Я пісала свой раман па-беларуску, а потым яго перавялі на рускую, украінскую, польскую, англійскую мовы, ён выйшаў у розных краінах і меў вялікі поспех. А сёння людзі ў многіх краінах чытаюць навіны пра тых, хто сядзіць у Беларусі ў турмах. Я ведаю, што вам пісалі многія людзі, не ведаю, ці атрымалі вы ўсе гэтыя лісты. Але ў любым выпадку, думаю, вы зможаце прачытаць ці пачуць усе гэтыя цёплыя словы, калі выйдзеце на волю.

З вялікай да вас павагай, з пажаданнямі моцы духу, аптымізму і хуткага вызвалення, абдымаю —

Наталка Бабіна

P.S. Укладаю канверт, буду рада, калі Вы мне адкажаце. Калі Вам ці вашай сям'і патрэбна нейкая дапамога — калі ласка, напішыце пра гэта, паспрабую дапамагчы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?