Пасля Плошчы 2010 года некалькі дзясяткаў чалавек апынуліся за кратамі. Сярод іх былі не толькі кандыдаты ў прэзідэнты і палітыкі, але і тыя людзі, каго абвінавацілі ў біцці шкла Дома ўрада. У пачатку жніўня 2011 года амаль да ўсіх прыйшлі з прапановай напісаць прашэнне на імя Лукашэнкі, каб выйсці на волю. Многія пагадзіліся на такі крок, іншыя — адмовіліся.

Зміцер Дрозд на волі. Фота Сяргея Гудзіліна

Гісторык Зміцер Дрозд быў асуджаны на тры гады, ён прашэнне падпісаў: «Калі яны вырашылі, што ім патрэбна, каб ты падпісаў прашэнне аб памілаванні, то зробяць усё магчымае для гэтага. Яны пачнуць даваць табе больш цяжкую працу, аказваць ціск, будуць пагрозы. Проста будуць створаныя такія ўмовы, што ты сам захочаш яго падпісаць.

Да нас у калонію ў Бабруйску прыехаў нейкі чалавек у цывільным, які сказаў, што існуе такая магчымасць. Ён пачаў мне казаць, каб я падумаў пра маму. Яны чыталі лісты і цудоўна ведалі пра няпростую сітуацыю ў маёй сям’і, што якраз нядаўна памёр родны брат мамы. Я адказаў, што віны не прызнаў і не прызнаю, мне сказалі, што гэта не праблема.

У выніку я напісаў нешта кшталту, што «раскайваюся ў садзейнічаным мной». Са мной сядзеў палітвязень Арцём Грыбкоў (загінуў у 2013 годзе — «НН»), дык ён увогуле напісаў адзін радок, нешта кшталту «Прашу мяне памілаваць». Іх задавальняла любая фармулёўка.

Усё гэта рабілася не паводле юрыдычных нормаў. Бо [афіцыйна] мы павінны былі спачатку пісаць на імя начальніка калоніі, але гэта ўжо рабілася задняй датай.

Ад моманту напісання прашэння да вызвалення прайшоў недзе тыдзень. Мы не думалі, што ўсё будзе настолькі хутка. Нам казалі, што калісьці гэта разгледзяць, але канкрэтныя даты не называліся.

Я напісаў, бо вельмі надакучыла там знаходзіцца. На сёння думаю, што можна было і не пісаць, калі астатніх усё адно выпусцілі праз месяц.

Лічу, што кожны павінен рашаць за сябе. Вядома, што ёсць людзі, якім увогуле не варта задумвацца, ці пісаць. Канечне, былі адзінкавыя выпадкі, калі людзі ў інтэрнэце пісалі, што мы «павінны валасы на сабе рваць» ад таго, што напісалі гэтае прашэнне. Але абсалютная большасць проста радавалася таму, што мы выйшлі на волю».

Алесь Кіркевіч. Фота Сяргея Гудзіліна

1 верасня на волю выйшлі яшчэ чацвёра палітвязняў, якія спачатку не напісалі прашэнне ад памілаванні, але потым перадумалі. Сярод іх быў журналіст і пісьменнік Алесь Кіркевіч, ён згадваў:

«Гэта было маё рашэнне. Я доўга вагаўся, але ўсё ж такі напісаў прашэнне аб памілаванні. Пісаў я яго ў вольнай форме, коратка. Гэта свайго роду кампраміс.

Я лічу, што гэта слабасць самога Лукашэнкі — пасылаць да палітвязняў ганцоў і ўгаворваць іх пісаць прашэнні. Але ад сваіх поглядаў я не адмаўляюся. Ёсць словы, а ёсць ўчынкі. Я лічу, што большую карысць краіне прынясу будучы на волі».

Цікава, што літаральна праз два тыдні Кіркевіча затрымалі ў Гродне за раздачу ўлётак.

Праграміст Андрэй Пратасеня ўспамінаў так: «Прыміце гэта як факт: спачатку я адмовіўся, і мяне, можна сказаць, пакінулі ў спакоі. А потым я прыйшоў і напісаў сам. Сцісла патлумачыць я не змагу, а разгорнуты адказ зойме цэлую кнігу».

14 верасня на волю выйшла трэцяя частка палітвязняў. Сярод 11 вызваленых дзесяць не падпісалі прашэнне. Сярод іх быў Павел Вінаградаў, блогер і цырульнік:

Першыя гадзіны на волі Паўла Вінаградава. Фота Сяргея Гудзіліна

«Першы раз было як: выклікалі да начальніка аперчасткі, які кажа, што ёсць магчымасць напісаць прашэнне аб памілаванні. Я кажу, што неяк мне гэтага рабіць не дужа хочацца, я і віну не прызнаў, дый на шлях выпраўлення не тое, каб стаў. «Тады ідзі гуляй», — адказваюць мне.

Потым праз нейкі час Эдзік Лобаў, быў такі маладафронтавец, пачуў па радыё, што першую частку палітвязняў адпусцілі на волю. Тады нас выклікае да сябе начальнік калоніі. А перад гэтым з яго кабінета выходзіць анархіст Аляксандр Францкевіч — ён цяпер зноў сядзіць — і матляе галавой. Маўляў, не. Я яшчэ думаю, чаму ён верціць?

Начальнік кажа: «Чулі ўжо, што людзі пачалі выходзіць? Чаму б і вам так не зрабіць?» Я адказваю: «Ведаеце, калі вас адзін агрэсіўны чалавек запрэ ні за што ў прыбіральні і гатовы выпусціць, толькі калі папросіце прабачэння. Вы на такое гатовыя? Мне дык не вельмі падабаецца.

Ніякага ціску на мяне з гэтай нагоды не было. Ну, вядома, казалі, што адсядзіш свой тэрмін цалкам ад званка да званка. Калі гэта лічыць за ціск, то так. Але разумеючы найноўшую гісторыю Беларусі, я меркаваў, што не буду сярод тых, хто дасядзіць да канца. Так і атрымалася. Мы выйшлі на волю ў верасні, праз месяц пасля тых, хто падпісаў прашэнне аб памілаванні.

Я сядзеў у калоніі «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі. Там лес вакол, птушачкі, сінічкі, камары — прыгажосць. У нас прашэнне тады напісаў толькі Аляксандр Квяткевіч, але ён увогуле, здаецца, упершыню на мітынг выйшаў. І вось такім людзям я б, безумоўна, раіў лёгка падпісваць. Калі вы маеце нейкія прэзідэнцкія ці палітычныя амбіцыі, то лепш гэтага не рабіць».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?