Людзі, якія ляцелі з адпачынку, кажуць, што інфармацыя пра нібыта канфлікт, якая была пасланая зь Мінску кіраўнікам кампаніі Аэрапорты Літвы, была ілжывай.

«Тры гадзіны нас трымалі ў вузкіх калідорах без вады, прыбіральняў і ўсяго іншага, каб праверыць дакумэнты і абшукаць.

Агляд самалёта заняў каля трох гадзін. Цяпер мы застаемся ў невядомасьці, зачыненыя ў зале чаканьня, у агульную прастору нікога не пускаюць. Хлопчыкі з «бананамі» стаяць. Але ёьсць прыбіральні і мінібар. Чакаем, ніхто нам нічога ня кажа», — кажа адзін пасажыр самалёта, пасаджанага ў Мінску.

«Было шмат чутак. Пасьля раптоўнага манэўру самалёта адзін хлопец пачаў панікаваць, схапіўся за галаву.

Толькі тады мы зразумелі, чаму. Ніякага канфлікту не было, да тых паваротаў самалёта не было ніякіх скандалаў, ніхто ні з кім не сварыўся. Толькі калі хлопец даведаўся, што мы ідзем на пасадку, ён засмуціўся.

Нас усіх па чатыры вывелі, сабакі абнюхалі ўсе нашы рэчы. Таго хлопца адвялі ў бок, яго рэчы і вытрасьлі на ўзлётную паласу. Мы спыталіся ў яго, што адбываецца. Ён сказаў, хто ён такі, і дадаў: «Тут мяне чакае сьмяротнае пакараньне». Ён быў ужо спакайнейшы, але дрыжаў. Побач з ім увесь час стаяў афіцэр, і неўзабаве вайскоўцы яго проста вывелі», — кажа чалавек, які бачыў падзеі зблізку.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?