Фота pixabay.com.

Сёння людзі на Зямлі выкарыстоўваюць бетон больш, чым усе астатнія рэчывы, за выключэннем вады. Праз гэта на яго вытворчасць прыходзіцца каля 8% сусветных выкідаў вуглякіслага газу, што нават больш, чым выкіды ад авіяцыйнай індустрыі (адпаведна 2,5%).

Але некаторыя кампаніі ўсё ж спрабуюць зрабіць бетон больш экалагічным. Напрыклад, брытанская фірма Citu зараз будуе ў горадзе Лідс сваю штаб-кватэру, выкарыстоўваючы нізкавугляродны бетон. Пры яго вытворчасці колькасць выкідаў у атмасферу была зніжаная на 50% у параўнанні з вытворчасцю звычайнага бетону, піша ВВС.

Каб вырабіць такі бетон, вытворца замяняе большую частку цэменту ў яго складзе на гарачую гліну і неабпалены вапняк. Больш за тое, ужо даўно вядома, што можна замяняць частку цэменту ў бетоне на попел ад спаленага вугалю ці на вулканічны попел. Гэта нават паляпшае моц і трываласць бетону.

Іншы варыянт — проста знайсці новы спосаб змешваць часцінкі пяску і каменя, каб не даводзілася ператвараць вапняк у аксід кальцыю. Напрыклад, гэтага можна дамагчыся праз рэакцыю пад назвай геапалімерызацыя. Але такі спосаб павялічвае кошт бетону, таму ён не ва ўсіх краінах актуальны.

Яшчэ адзін спосаб зрабіць бетон больш экалагічным распрацоўваюць эксперты серыі праекта LEILAC, які фінансуецца Еўрасаюзам. Для гэтага выкарыстоўваецца сталёвая труба вышынёй 60 метраў, якую далучаюць да ўжо існуючага цэментавага завода. На адным з этапаў вытворчасці цэменту вуглякіслы газ адсейваецца. 

На прыкладзе цэментавай прамысловасці можна пабачыць, якую ўвагу пачынаюць надаваць экалогіі ў развітых краінах. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?