Паводле абвінавачвання, падчас акцыі пратэсту, якая праходзіла ў Мінску на праспекце Пераможцаў 4 кастрычніка, Пятроўскі здзейсніў гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да супрацоўніка АМАПа Зюкіна, а менавіта схапіў яго гумавую дубінку і ажыццявіў рывок, тым самым прычыніўшы яму фізічны боль.

На мужчыну завялі крымінальную справу па артыкуле аб гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 КК) і па артыкуле аб актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). 

На судзе абвінавачаны распавёў, што ў той дзень ішоў у кінатэатр «Масква», але на праспекце ўбачыў счэпку пратэстоўцаў. Ён падышоў бліжэй і стаў сведкам таго, як амапавец замахнуўся на дзяўчыну. Ён падумаў, што той хоча стукнуць яе па галаве дубінкай. Тады Пятроўскі схапіўся адной рукой за дубінку са спіны амапаўца і пацягнуў яе (у другой руцэ Пятроўскага была бутэлька з вадой). Затым яго затрымалі і адвялі ў аўтазак.

Прадстаўнік дзяржабвінавачвання папрасіў суд прымяніць пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Абаронца Пятроўскага папрасіў вынесці яму мінімальна магчымае пакаранне.

13 мая суддзя Наталля Бугук абвясціла прысуд паводле справы: тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).