***

Калі я стаў старшынёй Саюза пісьменнікаў, Лукашэнка ў гэты час падпісаў з Ельцыным гэтую Саюзную дамову, якая стварыла ўсе па сутнасці праблемы… Гэтыя дарожныя карты — падпішам гэта, не падпішам — гэта ён сам сабе стварыў у канцы 1998 года. Я сабраў Раду Саюза пісьменнікаў — і мы прынялі вельмі жорсткую заяву, наўпрост сказаўшы, што гэта ёсць здрада нацыянальным інтарэсам. Перад тым была сустрэча Рады з Лукашэнкам, дзе мы як бы дамовіліся, дакладней, я перад тым з ім дамовіўся, што, можа быць, мы будзем існаваць — я асабіста, і, праз мяне, наколькі хопіць майго ўплыву, пісьменнікі не будуць надта лезці ў эканоміку, а вы не будзеце лезці ў культуру і адукацыю. Такі пакт. І нейкі час гэты пакт дзейнічаў, але вельмі нядоўга. Яго проста не хапіла на тое, каб гэты пакт вытрымліваць, і пасля гэтай заявы ён аддаў каманду шчыміць! У мяне ўжо да гэтага шмат напружаных момантаў узнікала, я ўжо так стаміўся, што калі на мяне ўсё гэта абрынулася… У адзін дзень прыйшлі ўсе праверкі, якія можна — і пачалі кляпаць крымінальную справу: нешта скраў, як заўсёды бывае. І вось я сеў і разумею, што як бы па характары трэба змагацца, але адчуваю, што няма ў мяне сіл, усе сілы ідуць на гэту барацьбу. І раман не напісаны, драма не дапісана, і кніга не дапісана - і пасля ад напругі ў мяне мікраінсульт… І вырашыў я адпачыць.

***

Я паехаў у Вільню, там быў форум Каліноўскага. Я прыехаў угаварыць Ціханоўскую заявіць пра сабе як пра прэзідэнта Беларусі. Я пачаў гэтую размову, і бачу, што яна да такіх рашэнняў не гатова. Я разумеў, што адбываецца ў гэтай жанчыне — муж у яе закладнік. Што можна патрабаваць ад жанчыны, у якой муж закладнік? Але, тым не менш, яна, па-мойму, яшчэ не ўсведамляла, якая адказнасць легла на яе плечы. І я ёй пачаў казаць вось што: «Разумееце, Святлана, у 2010 годзе ў маёй жонкі быў выбар — яе палохалі, што калі яна будзе неяк актыўнічаць, калі мяне ўжо забралі з лякарні і зацягнулі ў турму, то будзе яшчэ горш. І мужа яна не ўбачыць, што мы яго даб'ём у гэтай турме і яе кінем за краты і скажам мянтам, каб зрабілі з ёй, што захочуць. І вось яе палохалі. Яна доўга не думала, яна зразумела, што калі яна будзе асцярожнічаць, то так і будзе — муж застанецца ў турме, а яна можа апынуцца за кратамі. Толькі наперад рухацца, толькі змагацца. І яна гэта зрабіла, кінулася ў гэту бойку».

І я кажу Святлане, што калі вы хочаце абараніць сябе, сваю сям'ю, то трэба рухацца наперад, толькі так, даказваць усім, што вы рэальная сіла, бо вы — прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Калі ўжо развітваліся, у яе вачах, прыгожыя, дарэчы, вочы, і не ўбачыў таго агню, які я хацеў распаліць, але іскрынка нейкая там мільгнула.

Час паказвае, што яна не так і выпадкова аказалася на месцы, які выбраў лёс, бо тая хуткасць, з якой яна набірае ўпэўненасць, досвед палітычны — гэта ўражвае, яна малайчына. 

- Калі ўявіць, што ўсіх дапусцілі на выбары і была б тройка Цапкала, Бабарыка і Ціхананоўскі — вы б за каго галасавалі?

- Устрымаўся ад паходу на выбарчы ўчастак. Я падумаў, што і без мяне прагаласуюць. Ведаеце, я адношуся вельмі кепска да ўсякіх канспіралогій, бо ў адносінах да мяне іх было таксама дастаткова. Не магу заяўляць так катэгарычна, як гэта робіць Зянон Пазняк, што Бабарыка наўмысна выбраны для таго, каб зрабіць яго прэзідэнтам — і пасля ён здасць Беларусь, але шлейфу, якога можна было б асцерагацца абсалютна ў гэтым сэнсе, няма толькі за Ціханоўскай. Таму я яе ад пачатку падтрымаў. 

Тое, што Бабарыка там нейкія карціны вярнуў у Беларусь — для мяне не доказ ягонай сутнасці. Чалавек рабіў заявы пра беларускасць не самага лепшага кшталту ў самым пачатку. Пасля ён стаў неяк мікшаваць свае размовы. І я падумаў, што не на ўзроўні Пуціна, але на ўзроўні нейкай карпаратыўнай дамоўленасці ён тут прысутнічае. У яго такія актывы, такі банк, актывы гэтыя, па сутнасці, кантралююцца Масквой, і ён без дамоўленасці з людзьмі, актывамі якіх ён тут вось кіруе, увязваецца ў гэтую палітычную авантуру? Я не ведаю, што з ім маглі зрабіць гэтыя людзі за такія грошы. Безумоўна нейкія дамоўленасці там былі, але гэта не азначае, што Лукашэнка лепшы за Бабарыку, хоць бы сыходзячы з таго, што Бабарыка цывілізаваны чалавек і з ім можна размаўляць і дамаўляцца. Я думаю, што ў гэтай сітуацыя, у якой ён апынуўся, як Лукашэнка, ён бы ўжо даўно згадзіўся бы на нейкі дыялог, на нейкія размовы — можна было б дамовіцца, што не было б гэтага жаху, які адбыўся ў Беларусі.

— Што Фядута рабіў падчас вашай выбарчай кампаніі?

— Ён быў арганізатарам, па сутнасці, гэтай кампаніі, гэта была ягоная ідэя, па сутнасці, «Гавары праўду» — гэта кампанія, створаная Аляксандрам Фядутам, гэта не Някляеў. Мне прапанавалі лідарскія пазіцыі, я, узважыўшы, што з гэтага можа быць, я разумеў, што з гэтага можа быць, дарэчы, абышлося менш значна, чым я сабе ўяўляў. Гэта ж мужчынскія гульні, гэта ж не жартачкі. Але ж я сказаў, што абавязаны, то абавязаны. Не выйшла.

— Вы распавядалі, што за фінансавую частку кампаніі адказваў непасрэдна Фядута?

— Так. Калі мы правялі першую размову пра мой магчымы ўдзел у кампаніі «Гавары праўду», я спытаў пра тое, за кошт чаго будзе фінансавацца кампанія. Ён мне сказаў, што гэта фінансавання з дэмакратычнага Захаду. Я кажу, што калі гэта нават так, то давайце дамовімся, што я да гэтага ніякіх адносін мець не буду. Я выконваю чыста палітычныя функцыі, а з гэтым я не хачу звязвацца, бо мне хапіла гэтага ў Саюзе пісьменнікаў, у рэдакцыях — там, дзе грошы, там пачынаюцца мардабоі між сабой. І ён згадзіўся з гэтым.

Дарэчы, гэта мне дапамагло — і нават ратавала. Калі яны мяне трушчылі, то першае, пра што пачалі разбірацца, адкуль грошы… І допыты былі актыўныя. І пасля, калі яны пераканаліся, што я насамрэч ні рыба ні мяса — яны, па сутнасці, ад мяне адчапіліся. Трымалі яшчэ ў турме, але не так жорстка, як да таго. 

— Распавядалі, што калі вы прачнуліся ў шпіталі пасля Плошчы-2010, то ў першы момант заплакалі.

— Выціснулася сляза, бо я зразумеў, што, ну, гэта параза. Што я толькі часу затраціў на гэта, нерваў, здароўя — і гэта не прывяло да вынікаў, а прывяло да шпіталю, да турмы. Гэта параза. Я пашкадаваў самога сабе. А пасля яшчэ больш шкадаваў пра людзей, пра якіх мне сказалі, што яны загінулі. Там мне нарэзалі ролік на допыце, а там Плошча і людзі скрываўленыя ляжаць у снезе. Яны так знялі ў нерухомасці і не разабраць было жывыя яны, ці ўжо забітыя. І яны мне кажуць: «Вы глядзіце, што вы нарабілі». Вось тут мне далося гэта цяжка, я не спаў начамі. Я ж паэт, я ж не генерал. Першая дапамога прыйшла ад Еўтушэнкі, калі я прачытаў ягоны ліст у маю падтрымку. Тады я падумаў, што Жэня не напісаў бы мне такі ліст, каб за мной столькі б загінуўшых было. Там быў дзяжурны па камеры, і, калі трэба было смецце выкідваць, я гэту сметніцу ў прыбіральню выкідваў, а там шматок газеты ададраны, а ў мяне дальназоркасць, і я чытаю: «Держись, Володя! Твой брат Евгений Евтушенко». Так мяне гэта ўзбудзіла. А пасля прыйшлі адвакаты і першае пытанне было: «Колькі там загінулых?». Мне адказалі, што ніколькі — і ўсё, уся адказнасць з мяне знялася. Усё астатняе было не цікава. Калі на мне няма крыві, я чысты перад людзьмі, то астатняе мяне не цікавіла.

— Вас вазілі за горад. Што там было?

— Нейкае спецмесца. Там увесь пакой быў чорны. Абсталяванне стаяла даволі дзіўнае.

— Паліграф?

— Не-не. На паліграфе, дарэчы, мяне ўпершыню спыталі: «Назавіце людзей з беларускай улады, якія спансавалі кампанію «Гавары праўду»? Я думаю, вось тут шанс усім адпомсціць. Яны самі давай мне называць: «Якубовіч, Латыпаў». Яны іх падазравалі. Можа таму, што Латыпаў з Якубовічам ездзілі да мяне ў Варшаву і ўгаворвалі, каб я вярнуўся ў свой час. Але я на гэта не пайшоў. Жарты-жартамі, але, можа, гэта неяк усур'ёз адгукнецца. Яны яшчэ падазравалі тую частку людзей, якія там у Маскве былі — былыя начальнікі лукашэнкаўскія. Пра гэтых мог і сказаць, але забыўся іх прозвішча.

— Вас вылучалі на Нобелеўскую прэмію. Вы калі пра гэта даведаліся, разумелі, што можаце выйграць?

— Я да гэтага аднёсся, як да жэсту, бо я меў досвед вылучэння Васіля Быкава на Нобелеўскую прэмію. Я якраз тады ў Фінляндыі жыў і перасяліўся на гэты час, калі гэты камітэт збіраўся, у Стакгольм. І амаль паўгода я там пражыў, займаючыся як раз тым… Лабіраваў. Для мяне было вельмі важна, каб Быкаў займеў гэту прэмію. Зразумела чаго. Таму што вось супрацьстаянне культуры і ўлады. Але там не выйшла. Я бачыў, што ёсць недахоп перакладаў Быкава. На той час у яго былі больш-менш нямецкія прыстойныя пераклады, а ангельскіх якасных перакладаў не было. Яшчэ туды пісалі… Нашы людзі не спяць: «Як вы будзеце яму даваць медаль лаўрэата Нобелеўскай прэміі, калі ён увесь у савецкіх медалях. Каму? Гэта ж савок!» Я не думаў, што гэта будзе спрацоўваць, але людзі паўсюль людзі. Шмат момантаў. Але, перш за ўсё, не хапала доказаў, што гэта насамрэч вялікі пісьменнік сусветнага маштабу. Пасля я ўжо размаўляў з тымі людзьмі, якія былі ў тым камітэце, калі выйшлі ўжо ангельскія пераклады, то ўсе ўжо казалі: «Адкуль жа мы ведалі?»

 

— Калі вас адправілі пад хатні арышт, з вамі жылі супрацоўнікі КДБ. Як гэта адбывалася?

— У мяне невялікая кватэрка двухпакаёвая. Яны прыйшлі — двое людзей са зброяй. Там рознае было. Быў прыдурак адзін, які не даваў зачыніць дзверы ў спальню, дзе мы з жонкай, ён сядаў насупраць нашага ложку з пісталетам. Я яму кажу: «Ну, што ты, дурны зусім?» А ён у адказ: «Я исполняю инструкции, мне сказали с вас не спускать глаз». Но, праўда, Вольга іх некаторых строіла, яна з імі не цацкалася. Сядзелі старшыя афіцэры КДБ «Альфа». Я ім кажу: «Хлопцы, вы на гэта вучыліся? Як я з жонкай у ложку ляжу, ці як я ў прыбіральню хаджу?» З раніцы ўставаў і ў сваю прыбіральню ў чарзе стаяў — я, жонка і яны двое.

— Як у іх з вамі развіваліся зносіны?

— Яны цэлымі начамі сядзелі ў камп'ютары, лынды білі. Адзін эпізод быў, калі гэты выбух быў у метро. Я прачынаюся, і яны мне кажуць: «Вот видите, как хорошо, что мы здесь у вас!» А я адказваю: «А што харошага?». «А у вас теперь алиби, что это не вы».

— Гэта значыць, вам маёры паўгода сэксам не давалі займацца?

— Нейкія моманты былі, калі яны мяняліся. І больш чалавечыя прыходзілі маёры.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?