Фота flickr.com.

Навукоўцы знайшлі спосаб кантраляваць чалавечы мозг. Для гэтага ім спатрэбілася рэчыва з жывёлы, якую часам завуць «рыбай-вампірам», і якая існуе на нашай планеце сотні мільёнаў гадоў.

Даследчыкі з медыцынскага факультэта Вашынгтонскага ўніверсітэта і з Універсітэта Вашынгтона ў Сэнт-Луісе паспяхова выкарысталі бялок з рыбы-міногі для таго, каб выключыць нейронныя ланцугі. У бялку пад назвай парапінопсін яны знайшлі ген, які можа быць актывіраваны ці дэзактывіраваны з дапамогай святла, распавядае Daily Mail.

Высветлілася, што ген здольны кантраляваць узаемадзеянне паміж нейронамі. Магчыма, дзякуючы гэтай інфармацыі можна будзе стварыць мазгавыя імпланты, якія дапамогуць прыгнятаць актыўнасць шэрагу нейронаў, і, такім чынам дазволяць лячыць тых, хто пакутуе на дэпрэсію, залежнасці і трывожнасць.

Варта адзначыць, што, хаця парапінопсін знойдзены менавіта ў складзе міногі, роднасныя яму бялкі тыпу GPCR існуюць у самых розных арганізмах — ад бактэрый да чалавека.

Тое, што гэты бялок актывуецца з дапамогай святла, можа пазбавіць людзей ад неабходнасці прымаць штучныя лекі ад дэпрэсіі, якія могуць мець пабочныя эфекты. Замест гэтага можна будзе проста накіроўваць на нейроны бясшкодны прамень святла.

Мінога існуе на Зямлі ўжо каля 360 мільёнаў гадоў. Гэта рыба-паразіт, якая, каб атрымаць харчаванне, прымацоўваецца ротам да боку рыбы або кіта, пасля чаго пачынае смактаць у жывёлы кроў. Дзякуючы гэтаму і таму, што ў міногі вялікі рот, яна і атрымала мянушку «рыба-вампір».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?