Пасля сямі тураў магла адбыцца першая трэнерская адстаўка сезона. Пасля паразы ад «Іслачы» аб’явіў аб сыходзе з «Нёмана» Ігар Кавалевіч. Але, як і год таму (тады таксама ў гарадзенцаў не задаўся старт сезона), адстаўку не прынялі і далі час на выпраўленне сітуацыі. Летась гэта ўзбадзёрыла каманду, і «Нёман» выдаў сем перамог запар, але ці паўторыцца тая ж гісторыя?

Ігар Кавалевіч. Фота: ФК «Нёман»

Таксама некаторыя крыніцы «звольнілі» Вячаслава Леўчука са «Спадарожніка» і паставілі на ягонае месца таямнічага замежнага трэнера. Але клуб ніяк афіцыйна не каментуе сітуацыю, а пытанняў у заўзятараў становіцца ўсё больш. 

Давайце зазірнём у вынікі папярэдняга тура:

  • «Слуцк» — «Дынама-Брэст» 1:1 (36, Бачароў — 62, Беленькі)
  • «Рух» — «Славія» 2:1 (45+1, Йовіч; 85, Кікі — 74, Слюсар)
  • «Дынама-Мінск» — «Энергетык-БДУ» 2:0 (43, По; 48, Мбенг)
  • «Віцебск» — «Гомель» 0:0
  • «Нёман» — «Іслач» 1:2 (78 (п), Забелін — 3, Камароўскі; 62 (п), Юсаў)
  • «Тарпеда-БелАЗ» — «Мінск» 2:1 (12, Мантэйра; 57, Кірыленка — 53 (аг), Адэаіба)
  • «Спадарожнік» — «Шахцёр» 1:2 (32, Сміт — 24, Дэбэлка; 36, Сачыўка)
  • БАТЭ — «Смаргонь» — 1:0 (11, Скавыш)

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

Пакрысе турнірная дыстанцыя пачынае сцягваць з вяршыні «Гомель» і брэсцкае «Дынама». Абедзве каманды другі тур запар не змаглі выйграць і прапусцілі на трэці радок мінскае «Дынама». Леанід Кучук зрабіў работу над памылкамі: змяніў тактычную схему і ўпісаў у стартавы склад Антона Пуцілу, што прывяло да перамогі і ў другім мінскім дэрбі. Таксама заззяў форвард Аблай Мбенг — падобна, што такога гульца не хапала камандзе.

Як мы пісалі тыдзень таму, з мая па снежань усе матчы лігі павінны гуляцца на натуральным газоне. Гэта пашырае геаграфію турніра: «Энергетык-БДУ» пераязджае ў Барысаў, а «Іслач» вяртаецца ў Маладзечна, дзе гуляла 5 гадоў таму. 

Дарэчы, адзін матч на новай арэне «ваўкі» ўжо згулялі — у сераду каманда Радзькова звышсенсацыйна перамагла ў «Шахцёра» і прабілася ў фінал Кубка Беларусі, дзе згуляе з БАТЭ. Былы клуб Віталя Жукоўскага 23 мая ў Гомелі згуляе супраць цяперашняга. Будзе цікава.

«Іслач» святкуе выхад у фінал Кубка. Фота: ФК «Іслач»

А пакуль нас чакаюць матчы восьмага тура чэмпіянату.

«Смаргонь» — «Нёман»

Апошні раз дзве каманды з Гродзеншчыны ў вышэйшай лізе гулялі ў далёкім 2009 годзе. Тады па выніках сезона «Смаргонь» вылецела, і толькі праз 12 гадоў знікненне «Гарадзеі» дала шанец правінцыйнай камандзе вярнуцца ў футбольную эліту.

Хоць «Нёман» і знаходзіцца на апошнім месцы, але ў матчы са «Смаргонню» менавіта госці з’яўляюцца фаварытамі. Ігару Кавалевічу далі шанец усё пачаць з чыстага ліста, ці пачне з чыстага ліста ягоная каманда?

«Гомель» — «Слуцк»

Як мы і прагназавалі, «Слуцк» правёў чарговы неблагі хатні матч, падзяліўшы балы з брэсцкім «Дынама». Іншая справа, што ў гасцях падначаленыя Бразевіча гуляюць куды горш.

Але «Гомелю» вельмі складана гуляць са случчакамі дома: у пяці матчах вышэйшай лігі на «Цэнтральным» — толькі адна перамога, і тую здабылі ў 2014 годзе. А апошнія два матчы каманд у 2019-м скончыліся з лікам 0:6 і 3:4. Мяркуем, што заўзятары былі б не супраць, каб зноў атрымалася гульня з вялікай колькасцю забітых мячоў.

«Рух» — «Спадарожнік»

«Рух» зноў перамог і зноў стаў бліжэй да п’едэстала, наблізіўшыся да землякоў з «Дынама» на адлегласць у адзін турнірны бал. Ужо прайшла чвэрць чэмпіянату, але каманда Альшэўскага не апраўдвае перадсезонных авансаў.

Што тычыцца «Спадарожніка», то ад рэчыцкай каманды наўрад ці чакалі чагосьці прарыўнога. І малаімаверна, што патэнцыйная змена галоўнага трэнера можа нешта істотна памяняць. Тым больш ва ўмовах сціплага бюджэту і складу.

«Мінск» — «Віцебск»

Сімвалічна, што генеральным партнёрам «Мінска» стаў мінскі трактарны завод, бо клуб валодае легендарным стадыёнам «Трактар». У суботу олдскульная арэна стане месцам, дзе «гараджане» будуць падбіраць ключы да жалезабетоннай абароны «Віцебска».

Паўночная каманда не забівае і не прапускае ўжо амаль месяц. Матчы віцяблян сталі відовішчам для вытанчаных аматараў абарончага футбола, але прыносяць мала задавальнення тым, хто цэніць гульню за галявыя моманты.

«Славія» — «Дынама-Брэст»

Каляндар выдаў «Славіі» два матчы запар супраць каманд з Брэста. «Руху» мазырчукі саступілі, і ў супрацьстаянні з «Дынама» перавагі экспертаў не на баку каманды Міхаіла Марціновіча.

Перад сезонам каманды сустракаліся тройчы — пераможцам усіх трох лютаўскіх спарынгаў былі берасцейцы. Ці пераломіцца тэндэнцыя, пабачым у суботу.

«Энергетык-БДУ» — «Тарпеда-БелАЗ»

Жодзінцы тыдзень таму выдалі найлепшы матч у сезоне і выйгралі ў «Мінска», крыху саслабіўшы псіхалагічны ціск на каманду і трэнера. У сераду «Тарпеда» канчаткова вылецела з кубка і можа засяродзіцца на матчах лігі.

«Студэнты» ў пачатку сезона пакуль не паказалі нічога з таго, за што каманду цэняць аматары айчыннага футбола: ні сенсацыйных перамог, ні галявых феерый, ні яркіх футбалістаў. Магчыма, мінчукам дапаможа новы стадыён, на якім БАТЭ прапісала пераможную атмасферу.

«Іслач» — «Дынама-Мінск»

Статус фіналіста Кубка дадае саліднасці «Іслачы», хаця букмекеры не вельмі вераць у клуб з Мінскага раёна. Але статус цёмнай кабылкі пасуе маладой і амбітнай камандзе Арцёма Радзькова.

Леанід Кучук, здаецца, намацаў рычагі кіравання сваёй камандай, але трэнеру ў Маладзечне давядзецца не паўтарыць памылак яго калегі з Салігорска Рамана Грыгарчука. З іншага боку, выдаць другую за чатыры дні сенсацыю «Іслачы» будзе вельмі складана.

«Шахцёр» — БАТЭ

Ключавы матч не толькі тура, але і першай паловы чэмпіянату, па якой можна будзе судзіць аб здольнасці БАТЭ змагацца за чэмпіёнства. У выпадку паразы барысаўцы адпусцяць «Шахцёр» на сем балаў, а перамога дазволіць максімальна наблізіцца да супернікаў.

Фота: ФК «Шахцёр»

Кубкавы матч салігорцаў паказаў, што і ў, здавалася б, бездакорным калектыве ёсць недахопы, а пры ратацыі губляецца камандная моц. Плюс, пры пераходзе на месцамі неідэальны натуральны газон стройнай атакуючай лініі «Шахцёра» стала гуляць куды складаней, чым на сінтэтыцы. У гэтым плане перавага на баку БАТЭ, які даўно гуляе на траве.

Таму вызначыць фаварыта і спрагназаваць вынік цэнтральнай гульні ўікэнда вельмі складана. Магчыма ўсё.

Букмекерская кантора Марафон прапануе новым кліентам БОНУС 10 руб «Бяспройгрышная першая стаўка» па промакоду 10BYN пры рэгicтрацыi на сайце marathonbet.by.

Гэта выдатная магчымасць зрабіць прагляд матча любiмай каманды яшчэ больш захапляльным! Усе дэталі бонуснай прапановы чытайце тут.

Марафонбет з'яўляецца найбуйнейшым букмекерам у Беларусі па колькасці кас (Ліцэнзія № 33120/171, выдадзеная МПЗ РБ) і прадстаўлены ў 21 горадзе краіны.

Спіс адрасоў кас

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?