Раман Галоўчанка распавёў, што ў складзе членаў Рады бяспекі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы прапаноў па анансаваным дэкрэце, але якая будзе канчатковая версія рэдакцыі дэкрэта, ён не ведае. «Якое прэзідэнт прыме рашэнне, такі ён і будзе», — адзначыў Галоўчанка.

Неабходнасць такога дэкрэта, на ягоную думку, абумоўленая тым, «што адбываецца вакол нашай краіны, якія мэты ставяць ворагі нашай дзяржавы — яны выходзяць за рамкі разумення маральных каштоўнасцяў».

«Мы павінны быць гатовыя да любога развіцця падзей, у тым ліку і па тых падставах, якія не закладзеныя ў дзейнай рэдакцыі Канстытуцыі: гэта магчымасць фізічнай ліквідацыі кіраўніцтва краіны», — падкрэсліў кіраўнік урада.

Па словах Галоўчанкі, у праекце дэкрэта вызначана, як будзе функцыянаваць дзяржава ў выпадку пазаштатнай сітуацыі, каб не дапусціць страты кіраванасці краінай.

Каментуючы інфармацыю ў інтэрнэце, нібыта прэм'ер-міністр павінен затаіць асабістую крыўду на рашэнне кіраўніка дзяржавы перадаць яго паўнамоцтвы калектыўнаму органу, Галоўчанка заявіў, што падобныя разважанні недарэчныя.

«Мы дзейнічаем у рамках сваіх паўнамоцтваў. Але калі складзецца пагрозлівая для нашай краіны сітуацыя, то мы дакладна так жа сама, калектыўна і маналітна, будзем выконваць нашы абавязкі», — запэўніў ён.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?