Па стане на 1 красавіка 2021 года ўнутраны дзярждоўг склаў 11,763 млрд BYN, і гэта максімальнае значэнне за перыяд публікацыі даных па гэтым паказніку. Папярэдні рэкорд па ўнутраным дзярждоўгу пратрымаўся ўсяго месяц.

Беларуская дзяржаўная запазычанасць моцна валютызаваная. Практычна ўвесь замежны дзярждоўг намінаваны не ў беларускіх рублях. Доля рублёвай кампаненты ва ўнутраным дзярждоўгу таксама нізкая — каля 11,8% на 1 красавіка. Таму паслабленне беларускага рубля да даляра, еўра, юаня або расійскага рубля аўтаматычна вядзе да павелічэння дзяржаўнай запазычанасці ў «зайчыкавым» кампаненце.

У красавіку рубель крыху ўмацаваўся да часткі валют. У сувязі з гэтым рэкорд па суме доўгу на 1 мая наўрад ці будзе пабіты. Затое працяг дэвальвацыі адкрывае дарогу да пабіцця старых рэкордаў.

Унутраны дзярждоўг у выпадку Беларусі сінанімічны выпускам аблігацый Мінфіна. На 1 красавіка абавязкі па гэтых выпусках складалі 2,714 млрд USD, 1,030 млрд EUR, 147,4 млн RUB і 1,380 млрд BYN.

Замежны дзярждоўг Мінфін дае ў даляравым эквіваленце. Да 1 красавіка ён дасягнуў 18,123 млрд USD. Для параўнання: на 1 красавіка знешні дзярждоўг быў роўны 16,634 млрд USD, на 1 красавіка 2014 года — 12,131 млрд USD.

Выходзіць, што за 7 гадоў замежны дзярждоўг вырас амаль у паўтара раза. У параўнанні з ВУП Беларусі замежны дзярждоўг склаў 30,4%, унутраны — 7,5%. Такім чынам, дзярждоўг у нацыянальным вызначэнні склаў 37,9% ад ВУП краіны.

Годам раней (1 красавіка 2020-га) суадносіны дзярждоўгу і ВУП былі больш спрыяльнымі для ўладаў — 25,5% і 6,3%. А на 1 красавіка 2014 года замежны дзярждоўг быў роўны 15,8% ВУП, унутраны — 5%.

Пагаршэнне паказнікаў звязана з дэвальвацыяй беларускага рубля і моцнай валютызацыяй дзярждоўгу.

Пасля шэрагу крызісаў беларуская эканоміка да гэтага часу далёкая ад узору 2014 года. Тады ВУП склаў 78,9 млрд USD у эквіваленце. За 2020 год ВУП Беларусі склаў 60,4 млрд USD, а па выніках 2021 года па афіцыйным прагнозам можа дасягнуць 61, 7 млрд USD. Відавочна, што да адзнакі 2014 года яшчэ вельмі далёка.

Па беларускай методыцы ў дзярждоўг не ўключаюць дзяржаўныя гарантыі. Аднак гэта робяць міжнародныя арганізацыі тыпу МВФ, Сусветнага банка і ЕАБР. З улікам гарантый дзярждоўг Беларусі на 1 красавіка склаў 67,4 млрд BYN, або 43,1% ад ВУП.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?