Уладам Індыі казалі пра высокую заразнасць новага штама кавіду SARS-CoV-2, знойдзенага ў краіне, аднак урад не прыняў ніякіх мераў, каб стрымаць эпідэмію.

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы.

Аб'яднанне навукоўцаў INSACOG, створанае ўрадам у снежні спецыяльна для выяўлення новых штамаў кавіду, у пачатку сакавіка папярэдзіла індыйскіх чыноўнікаў пра новы і больш заразны варыянт каранавіруса, які з'явіўся ў краіне. Аднак, паводле слоў навукоўцаў, улады не хацелі накладваць сур'ёзныя абмежаванні для спынення распаўсюду віруса.

Упершыню даследчыкі INSACOG выявілі B.1.617, які цяпер вядомы як «індыйскі» штам віруса, яшчэ ў лютым.

Папярэджанне пра новы штам было перададзена найвышэйшаму чыноўніку, які падпарадкоўваецца непасрэдна прэм'ер-міністру Нарэндры Модзі, па словах аднаго з навукоўцаў. Журналістам не ўдалося высветліць, ці азнаёміўся з высновамі навукоўцаў асабіста прэм'ер.

Тым часам мільёны людзей, пераважна без масак, не выконваючы мераў бяспекі, працягвалі наведваць рэлігійныя фестывалі і палітычныя мітынгі, якія праводзілі Модзі, лідары кіруючай партыі «Бхарата джаната партыі» і апазіцыйныя палітыкі. Дзясяткі тысяч фермераў працягвалі жыць у табары на ўскрайку Нью-Дэлі, пратэстуючы супраць змен аграрнай палітыкі Модзі.

У прэм'ер-міністра Модзі, як і ў Міністэрстве аховы здароўя краіны, не адказалі на просьбу журналістаў пракаментаваць інфармацыю.

У пятніцу Індыя паведаміла пра 386 452 новыя выпадкі COVID-19, што з'яўляецца сусветным рэкордам. У індыйскіх мегаполісах сітуацыя з каранавірусам выйшла з-пад кантролю: ад хваробы штодня паміраюць тысячы людзей — іх не паспяваюць хаваць.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?