Гэта азначае, што за ўвесь тэрмін, пакуль ён будзе ў гэтым больш строгім месцы знаходжання ў гарадзенскай турме, яму нельга будзе перадаваць перадачы і ён не зможа сустрэцца з адвакатам. Па словах жонкі, сёння якраз мінуў 50-ы дзень знаходжання Дзяніса за кратамі. І ёй вельмі шкада, што Дзяніс не зможа адзначыць такое свята, як Вялікдзень, няхай сабе і турме, куды яна збіралася перадаць розныя пасхальныя падарункі.

Нагадаем, што гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка. Дзяніс займаецца расследаваннямі. У Беларусі супрацоўнічае з «Новым Часам». Апошні яго матэрыял для «НЧ» быў пра тое, як былыя ўкраінскія «беркутаўцы» ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю. Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманне Івашына звязанае менавіта з гэтым.

Івашыну выстаўлена абвінавачанне па 365-м крымінальным артыкуле — «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».