Фота Сяргея Гудзіліна

Паводле старадаўняй хрысціянскай традыцыі, урачыстасць Уваскрэсення Хрыста, якая называецца таксама Пасхай, або Вялікаднем, заўсёды святкуецца ў нядзелю. Гэта так званае «рухомае» свята, бо яно не замацавана назаўсёды на пэўную дату.

У Евангеллі канкрэтна не сказана, калі ўваскрос Хрыстос: тое, што Яго цела знікла з магілы, заўважылі на світанні першага дня пасля суботы, або праз тры дні пасля Яго смерці і пахавання.

Днём смерці Хрыста даследчыкі святых тэкстаў лічаць пятніцу 7 красавіка 30 года, аднак гэта магло адбыцца, хоць і з меншай ступенню верагоднасці, 27 красавіка 31 года або 3 красавіка 33 года.

Такім чынам, найбольш верагодная дата Уваскрэсення Хрыста — гэта 9 красавіка 30 года.

Паколькі Пэсах (юдэйская Пасха) святкуецца праз 14 дзён пасля пачатку новага года (а пачынаецца юдэйскі год заўсёды ў маладзік), хрысціянскае свята Уваскрэсення Хрыста павінна было б святкавацца ў першую нядзелю пасля Пэсаху, як гэта апісана ў Евангеллі.

Але паколькі праз 14 дзён пасля маладзіка бывае поўня, на Першым Нікейскім Саборы ў 325 г. было вырашана, што Вялікдзень будзе святкавацца ў нядзелю, якая наступае адразу ж пасля першай веснавой поўні, або поўні пасля веснавога раўнадзенства.

Каб знайсці адказ на пытанне, адкуль у католікаў і праваслаўных бяруцца розныя даты святкавання, трэба мець на ўвазе, што пад поўняю і раўнадзенствам разумеюцца не рэальныя астранамічныя з’явы, а даты, атрыманыя шляхам разлікаў, што называюцца пасхаліямі.

Такім чынам, Пасхальнай поўняй лічыцца «дзень чатырнаццаты Месяца» (узрост Месяца — 14 дзён) з раскладу фаз Месяца, вылічанага на падставе так званага Метонава цыкла. Гэты цыкл быў распрацаваны яшчэ ў V ст. да Нараджэння Хрыста афінскім астраномам Метонам для ўзгаднення працягласці месяцавага месяца і сонечнага года ў месяцава-сонечным календары. Пад веснавым раўнадзенствам маецца на ўвазе каляндарнае веснавое раўнадзенства, якое ў Паўночным паўшар’і прыпадае 21 сакавіка.

У цяперашні час у хрысціянстве выкарыстоўваюцца дзве розныя пасхаліі.

Пачынаючы з 1583 года, Каталіцкі Касцёл выкарыстоўвае Грыгарыянскую пасхалію, якая для разліку даты Пасхі прымае за дзень раўнадзенства 21 сакавіка па Грыгарыянскім календары.

У той жа час большасць Праваслаўных Цэркваў трымаецца Александрыйскай пасхаліі, дзе той самы дзень 21 сакавіка бярэцца паводле Юліянскага календару.

Акрамя таго, у Александрыйскай пасхаліі разліковая пасхальная поўня ў ХХ—ХХІ стагоддзях прыпадае на 4—5 дзён пазней за рэальную астранамічную поўню, што адбываецца за накопленай недакладнасці Метонава цыкла.

Такім чынам, з-за каляндарных адрозненняў, якія існуюць паміж католікамі і праваслаўнымі, дзень святкавання Пасхі ў адных і ў другіх не заўсёды супадае.

У католікаў Вялікдзень можа святкавацца найраней 22 сакавіка, а найпазней — 25 красавіка. У праваслаўных не раней за 4 красавіка і не пазней за 8 мая.

Калі ж першая веснавая поўня прыпадае ў нядзелю, тады святкаванне пераносіцца на наступную нядзелю.

[у 2022 г. Вялікдзень будзе 17 і 24 красавіка адпаведна, у 2023-м — 9 і 16 красавіка, у 2024-м — 31 сакавіка і 5 мая, а ў 2025 годзе — супольны 20 красавіка — НН]

 Вось чаму хрысціянская Пасха ніколі не супадае з юдэйскім Пэсахам, які заўсёды святкуецца ў поўню.

Тым не менш, хрысціянская Пасха мае непасрэдную духоўную сувязь са старазапаветным святам Пэсаху, што адзначалася на ўспамін зыходу ізраільскага народа з егіпецкай няволі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?