«У душы апошнія месяцы нешта такое было, як камень»

«Як адчуваю сябе? Нармальна. Ня тое каб нейкая палёгка, але я ж практычна чакаў гэтага звальненьня, — адразу кажа Яўген Макарэвіч. — Заяву на звальненьне напісаў яшчэ 9 жніўня, хоць мне і сказалі, што яна згубілася. Але я разумеў, што некалі ўсплыве. Я ў вёсцы цяпер. То ў Маладэчна, то тут. Сыну дапамагаю, ён дом будуе ў Маладэчне, пабудаваў ужо. Унук хварэў, то зь ім быў тыдзень. Я цяпер свабодны чалавек, магу дапамагаць».

Яўген Васілевіч кажа, што плянуе займацца рамонтам. «Халасьцякуе» на гаспадарцы бацькоў жонкі. Да пэнсіі былому дырэктару маладачанскай школы №5 не далі дапрацаваць крыху больш за год. Макарэвіч кажа, што за гэта не турбуецца, бо працоўнага стажу хапае.

«Калі паўстане пытаньне, што я там нейкі «дармаед» ці не дармаед, то працу знайду, — гаворыць Яўген Макарэвіч. — Можа, кваліфікаваную ці нават некваліфікаваную — усё адно. Знайсьці можна. Разумееце, у мяне ў душы апошнія месяцы нешта такое было, як камень. Зьмянілася штосьці ў апошнія месяцы, пасьля падзей жніўня. Сыстэма стала таксычная. Калі раней я заходзіў у кабінэты, то адчуваў, што мяне прымаюць, слухаюць. Насустрач ідуць. А са жніўня ўсё з нацяжкай ужо было. Разумееце, я ж адзін у раёне такі аказаўся. Які «не як людзі» зрабіў. Баяцца, відаць, што ім знаёмства са мной бокам выйдзе».

Макарэвіч кажа, што гаворыць найперш пра чыноўнікаў з кіраўніцтва раённага аддзелу адукацыі і іншых месцаў. Былы дырэктар расказвае, што яшчэ 1 верасьня 2020 году зь ягонай школы звольнілася намесьніца па выхаваўчай працы. Кажа, што там таксама былі пытаньні, зьвязаныя з выбарамі. Яўген Васільевіч прапаноўваў на гэтую пасаду некалькі кандыдатур зь ліку сваіх настаўнікаў, але ўсіх іх не зацьвердзілі. Намесьніка дырэктара па выхаваўчай працы ў 5-ю школу пры Макарэвічу так і не прызначылі.

«Здалі мы гэты пратакол, і пачалося тое, што пачалося»

Дырэктарам у 5-й школе Яўген Макарэвіч прапрацаваў 22 гады. Да таго быў настаўнікам у 12-й школе Маладэчна, выкладаў гісторыю. У сыстэму адукацыі Макарэвіч пайшоў працаваць з 1985 году, адразу, як скончыў Менскі пэдагагічны інстытут. У розных школах агулам ён прапрацаваў 34 гады.

«Я ў адпачынак пайшоў, у мяне яшчэ зь мінулага году заставалася 25 дзён, — расказвае Яўген Васілевіч пра сваё звальненьне. — Пагода была, рамонт рабіў. Сыну адному цяжкавата было. А недзе за тыдні два да 1 красавіка начальніца ўпраўленьня адукацыі Маладэчна пазваніла і сказала, што будуць звальняць па той заяве, якую напісаў 9 жніўня. Я не пытаўся, за што звальняюць. Сам жа тую заяву напісаў».

Заяву на звальненьне з пасады дырэктара школы №5 Маладэчна Яўген Макарэвіч напісаў а 2-й гадзіне ночы ў кабінэце раённага начальства. Туды яго выклікалі званком з райвыканкаму пасьля таго, як дырэктар адвёз у выканкам пратакол зь лічбамі галасаваньня на выбарчым участку ў сваёй школе.

«Разумееце, прагаласаваць на гэтыя выбары прыходзілі нават нашыя былыя вучні, якія даўно жывуць за мяжой. Яны знарок прыехалі прагаласаваць, мы не маглі падлічыць іхныя галасы няправільна, — гаворыць Яўген Васільевіч. — Як жа ім потым у вочы глядзець? У нас усё было згодна з Выбарчым кодэксам. Усё арганізавалі так, як там прапісана. І ўвечары, калі мы ўсё падлічылі, кандыдат Ціханоўская атрымала на 120 галасоў больш, чым кандыдат Лукашэнка. Я разумеў, што могуць быць праблемы. Што гэтая лічба будзе не зусім імпанаваць начальству. Таму я зьвярнуўся да ўсіх сяброў камісіі. Сказаў, што кожны зь іх мае права выказаць сваю думку. Усе пагадзіліся зь лічбамі і падпісалі пратакол».

Пратакол з выніковымі лічбамі Яўген Макарэвіч разам з сакратаром выбарчай камісіі павёз у выканкам, копію павесілі на стэндзе ва ўчастку ў школе.

«Здалі мы гэты пратакол — і пачалося тое, што пачалося, — расказвае Яўген Васілевіч. — Пазванілі мне з выканкаму ўначы, выклікалі на размову. Я прыехаў. Разумеў, у чым праблема. Там мне ўжо выказалі меркаваньне, што я, як вам сказаць, своеасаблівая «белая варона». Пагрозаў не было. Казалі толькі, што мне паўтара года да пэнсіі, што я мушу нешта «разумець». Там былі прадстаўнікі розных структур раённых. А я палічыў, што не заслужыў такога. І калі зрабіў такую дрэнную рэч, то маю права звольніцца проста сёньня. Заяву на звальненьне напісаў проста там. Нават ня ведаю, хто яе забраў: там і маё кіраўніцтва было, і намесьнік старшыні райвыканкаму, і іншыя асобы».

Былы дырэктар гаворыць, што нічога іншага зрабіць 9 жніўня ня мог, нягледзячы на тое, што шмат хто са старшыняў выбарчых камісій змаглі, а яму да пэнсіі сапраўды заставалася зусім ня шмат.

«Мяне так у сям’і выхавалі, — кажа Яўген Васільевіч. — Мы ўсе вельмі рупліва ставімся да праўды. Памятаю, калі бацька ў хаце знаходзіў паперку ад цукеркі, то пытаў у нас з братам, хто кінуў. А мы ж дзеці, як звычайна: «Ня я!» То тады ўдвох адну паперку былі вымушаныя выкідваць. Я сваіх дзяцей таксама так выхоўваў, што трэба гаварыць праўду. І ад калег сваіх патрабаваў. А што я ім мог тады сказаць?»

Чаму яго ня звольнілі яшчэ ў жніўні, Яўген Макарэвіч не ведае. Кажа, што, магчыма, не было ўказаньняў «зьверху». Альбо проста чарга дайшла толькі цяпер. Па словах былога дырэктара, у Маладэчне цяпер ідзе цэлая хваля звальненьняў кіраўнікоў. Пазбавілі працы дырэктара дзяржаўнага каледжу, старшыню прафсаюзу работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый. Па словах Макарэвіча, кіраўніком камісій падчас выбараў ён быў і раней, тады ў выканкам таксама падаваў праўдзівыя лічбы. Сытуацыя з галасаваньнем за альтэрнатыўнага Лукашэнку кандыдата кардынальна зьмянілася толькі сёлета, кажа былы дырэктар.

«У нас у акрузе своеасаблівы электарат заўсёды быў, — гаворыць Яўген Васільевіч. — Прыватны сэктар, людзі ў асноўным пажылыя. Прэзыдэнт даў ім пэнсію; калі выберуць іншага, то невядома, што будзе. Яны стаялі пад дзьвярыма школы, каб прагаласаваць першымі. Сапраўды галасавалі за Лукашэнку. Але ў апошні час усё зьмянілася. Людзі захацелі пераменаў».

«Хацеў стварыць дзецям такія ўмовы, каб яны вучыліся ў ня горшай за іншыя школе»

«Я вучыўся на гістарычным факультэце ў Менскім пэдінстытуце, тады яшчэ імя Горкага, — успамінае Макарэвіч. — Настаўнік гісторыі і францускай мовы. Але францускую мову я толькі год выкладаў. Гісторыю люблю, выкладаў заўсёды яе, да апошняга часу таксама, калі дырэктарам быў. У мяне заўсёды было 9-10 гадзін, палова стаўкі прыкладна. Але настаўнікам я выпадкова стаў, можна сказаць. Усё жыцьцё марыў стаць археолягам».

Яўген Макарэвіч расказвае, што паходзіць зь вёскі Мацькаўцы на Вілейшчыне. Да арміі год прапрацаваў на трактары ў сельскай гаспадарцы. Прыгадвае, што дырэктар калгасу намаўляў яго пайсьці ў Інстытут мэханізацыі сельскай гаспадаркі, абяцаў накіраваньне. Але Макарэвіч усё ж выбраў мару. Археолягам тады можна было стаць альбо ў Горадзенскім пэдінстытуце імя Янкі Купалы, альбо ў Маскве. Яўген Васілевіч паехаў у Горадню.

«Не паступіў, не хапіла мне паловы бала, — успамінае Яўген Макарэвіч. — Напісаў сачыненьне на чатыры балы і не прайшоў па конкурсе. Тэма была «Ты на подзьвіг завеш, камсамольскі білет!» Экзамэны ў адной групе разам з Вольгай Корбут здаваў, зь вядомай гімнасткай. Вядома, яна паступіла. Вучылася яна там ці не, гэта ўжо іншае пытаньне. А я пайшоў у войска».

Пасьля арміі Макарэвіч паехаў вучыцца ў Менск, археалёгію ў Горадзенскім пэдінстытуце да таго часу ўжо згарнулі, да Масквы ехаць было далёка. Старастам групы ў менскім пэдынстытуце, дзе вучыўся Макарэвіч, быў Анатоль Лябедзька. З будучым шматгадовым кіраўніком АГП Яўген Васілевіч доўга сябраваў, Лябедзька нават хрысьціў яго сына.

Учынак Яўгена Макарэвіча 9 жніўня не застаўся незаўважаным у Маладэчне. Яшчэ ўвосень некалькі сем’яў напісалі заявы на перавод іхных дзяцей у 5-ю школу. Калі ў канцы сакавіка стала вядома, што Макарэвіча звальняюць з пасады дырэктара, у аддзел адукацыі Маладэчна пайшлі лісты ад бацькоў з просьбай пакінуць дырэктара 5-й школы на месцы.

«Разумееце, школа ў своеасаблівым месцы знаходзіцца, — гаворыць Яўген Васільевіч. — Гэта такая сельская мясцовасьць у горадзе. Гістарычны цэнтар Маладэчна. У асноўным там прыватны сэктар. Дзеці там, я не скажу, што абдзеленыя ўвагай. Побач гімназія № 3, праз трыста мэтраў ад нашай школа № 1 імя Янкі Купалы. Наша 5-я ў канцы 50-х яшчэ пабудаваная, усяго 13 кабінэтаў. 400 вучняў прыкладна. Гэта дзеці, якія не пайшлі ў гімназію, ня трапілі ў іншыя школы. І я хацеў ім стварыць такія ўмовы, каб яны ведалі, што вучацца ня ў горшай за іншыя школе, нічым не абдзеленыя».

Умовы для дзяцей Яўген Макарэвіч ствараў з дапамогай выхаваўчых праектаў, больш скіраваных на разьвіцьцё. Былы дырэктар гаворыць, што ў выніку гэтыя праекты сталі вядомыя ня толькі ў Маладэчне, бо рэалізоўваў ён іх з дапамогай замежных калег і фондаў. Заключыў дамову зь нямецкай гімназіяй Хайдбэрга ў горадзе Гётынген аб тым, што яна кожны год будзе прымаць вучня з Маладэчна, а таксама аб абмене досьведам і дэлегацыямі. За час працы Макарэвіча дырэктарам у Нямеччыне адвучыліся 20 маладачанскіх дзяцей. Былі таксама сумесныя праекты для барацьбы з цукровым дыябэтам у дзяцей, ушанаваньнем памяці ахвяраў канцэнтрацыйных лягераў.

«Быў яшчэ цікавы праект «Калідорныя дзеці», — расказвае былы дырэктар. — У нас у раёне школы дагэтуль шмат сямей жыве ў інтэрнатах. Ад станказаводу і іншых. Яны некамфартабэльныя, вядома. Адзін туалет, адзін душ на калідор. А чым дзяцей заняць, якія там жывуць? Мы вырашылі проста ў інтэрнатах зрабіць ім гульнявыя пакоі. Рабілі гэта сумесна з галяндзкай недзяржаўнай арганізацыяй, з маладачанскімі прадпрыемствамі. Галяндцы мэблю нам дапамагалі купляць, усё зрабілі. Для дзяцей настолькі захапляльна гэта было. Мы і мерапрыемствы ў гэтых пакоях рабілі».

Яўген Макарэвіч пра такія праекты расказвае шмат. І пра валянтэрства, і пра стварэньне клюбаў для былых малалетніх вязьняў канцлягераў, і пра працу з былымі пэдагогамі, якія пайшлі на пэнсію. За больш як 20 гадоў працы на пасадзе дырэктара дзейнасьць Макарэвіча з калегамі правяралі і беларусы, і іншаземцы. Парушэньне, па яго словах, знайшлі адзін раз — не сышліся рахункі. Праз розьніцу курсаў дзесьці згубілася сума памерам 2 эўра.

«Людзі ж бачылі ўсё гэта, усю нашую працу, — гаворыць Яўген Макарэвіч. — І гэта ня толькі мая заслуга. Увесь калектыў падабраўся такі. Лідзія Князева з клюба «Пошук»; Алена Парахня, якая была намесьнікам дырэктара па выхаваўчай працы; настаўніца нямецкай мовы Зоя Дылеўская. Ды шмат хто. Усе настаўнікі былі задзейнічаныя. Ніхто не казаў, што ім цяжка, што ім за гэта грошы не плацяць. Бацькі ж разумеюць, што калі ўсе нашыя праекты зьнікнуць, то цікавасьць у дзяцей прападзе і да вучобы, і да ўсяго іншага».

Пасьля звальненьня Макарэвіча за яго заступіліся ня толькі бацькі вучняў 5-й школы. Са зваротамі ў абарону дырэктара зьвярнуліся таксама нямецкая гімназія з Гётынгену і фонд «Усходняга партнэрства», які дапамагаў праектам фінансава.

«Дзеці разумеюць, што папраўдзе адбываецца ў краіне»

«Мне вельмі крыўдна, калі настаўнікаў называюць фальсыфікатарамі, — прызнаецца Яўген Макарэвіч. — Крыўдна за людзей, крыўдна за прафэсію. Нешта зрабілася такое, што адукацыя стала не асобнай сыстэмай у краіне, а толькі прыдаткам да чагосьці. І настаўнікаў проста выкарыстоўваюць. Як мне сёньня прыйсьці на ўрок грамадазнаўства і растлумачыць дзецям, што такое прававая дзяржава, калі ім па тэлевізіі гавораць, што «бывае, калі і не да законаў»? Як такое можа быць? Шмат хто з настаўнікаў робяць тое, што ім кажуць рабіць. Ва ўсіх крэдыты, сем’і. Але я ня ведаю, як пройдуць наступныя выбары. Камісіі жа зноў арганізуюць у школах».

Яўген Макарэвіч кажа, што сучасныя дзеці, нягледзячы на зьмест дзяржаўнай тэлевізіі і друку, выдатна разумеюць, што папраўдзе адбываецца ў краіне. Пасьля выбараў ён выкладаў у старшых клясах і добра гэта адчуў.

«Дзеці атрымліваюць інфармацыю з інтэрнэту, частку разам з бацькамі абмяркоўваюць, нешта і самі на вуліцах бачаць, — гаворыць Яўген Васілевіч. — Яны маюць свой пункт погляду. Дзеці ў нас мэтанакіраваныя, са сваім сьветапоглядам. Яны ўсьведамляюць, што на самой справе адбываецца. Я аптымістычна гляджу на будучыню. Чалавек заўсёды будзе верыць у будучыню, дзеля сваіх дзяцей. Ды і дзеля самога сябе».

Яўген Макарэвіч расказвае, што ўсьцешаны падтрымкай ад былых вучняў. Пасьля навіны пра звальненьне яму пастаянна нехта зь іх піша альбо тэлефануе.

«Вось акурат перад вамі патэлефанавала адна вучаніца, яна школу больш за 10 гадоў таму скончыла, — кажа былы дырэктар. — Я атрымаў мора словаў падтрымкі. Нават ад тых, ад каго не чакаў. А ад тых, ад каго чакаў, наадварот. У некаторых расчараваўся. Самым нечаканым было, калі мне адзін з былых вучняў прапанаваў працу. Мае фірму сваю ў Маладэчне. Сказаў мне, што «мы сваіх не кідаем». Хаця які я яму свой, даўно ж ужо не вучань. Але такія словы вельмі прыемныя».

Былы дырэктар таксама кажа, што яго ўжо паціху цягне да дзяцей, хочацца яшчэ папрацаваць настаўнікам. Дырэктарам ужо не, а вось весьці ўрокі гісторыі — так.

«Але я пра тое, што зрабіў 9 жніўня, усё адно не шкадую, — кажа Макарэвіч. — Я ніякага подзьвігу не зрабіў. Усё было рыхтык як напісана ў Выбарчым кодэксе. Я нічога не парушыў».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?