Калі самы папулярны фільм Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК), які выйшаў у студзені, быў прысвечаны палацу ў Геленджыку, які фармальна не належыць Уладзіміру Пуціну, то ў новым расследаванні прыводзяцца падрабязнасці аб афіцыйнай рэзідэнцыі прэзідэнта РФ на Валдаі. Тэкставая версія расследавання была апублікаваная ў блогу Аляксея Навальнага, які знаходзіцца ў калоніі, піша newsru.com.

У публікацыі адзначаецца, што ў Пуціна, акрамя Крамля, ёсць тры афіцыйныя рэзідэнцыі: «Бачароў Ручай» (Сочы), «Нова-Агарова» (Маскоўская вобласць) і «Валдай» (Наўгародская вобласць). Пры гэтым апошняя рэзідэнцыя часта згадваецца ў СМІ, але афіцыйных здымкаў з яе няма. Аднак у ФБК змаглі сабраць нямала інфармацыі аб гэтым комплексе.

З дакументаў вынікае, што рэзідэнцыя размешчана на двух участках. Так, участак 150 гектараў належыць Расійскай Федэрацыі і знаходзіцца ў бестэрміновым карыстанні ў Федэральнай Службы аховы (ФСА). На гэтай зямлі размешчаны тэхнічныя будынкі, уключаючы склады, гаражы і ангары, а таксама невялікія гасцявыя домікі. У той жа час другі ўчастак плошчай 100 гектараў, на якім знаходзяцца асноўныя аб'екты рэзідэнцыі, дзяржаве не належыць — ім валодае бізнэсмен і блізкі сябар Уладзіміра Пуціна Юрый Кавальчук, які здае землі і пабудовы ў арэнду ўпраўленню справамі прэзідэнта (УСП).

«Як у яго наогул апынулася гэтая зямля, чаму пуцінскую рэзідэнцыю пабудавалі на прыватнай тэрыторыі? Ды проста таму, што ў апошнія месяцы яшчэ першага свайго прэзідэнцкага тэрміну, у 2003 годзе, Пуцін задумаўся пра будучыню. Аджа добра захаваць дачку. Вось ён і вырашыў пакінуць гэтую сабе. На сябе не аформіш — таму аформіў на сябра», — лічаць у ФБК.

Паводле даных паплечнікаў Навальнага, Кавальчук валодае аб'ектам праз кампанію «Прайм», амаль усе даходы якой прыпадаюць на арэндныя плацяжы ад УСП. Так, у 2019 годзе фірма Кавальчука зарабіла 312 млн рублёў, а годам раней — 304 млн рублёў. Даходы кампаніі за апошнія 10 гадоў склалі 2,7 млрд рублёў.

Што ж тычыцца пабудоў на тэрыторыі рэзідэнцыі, то ў расследаванні згадваецца параўнальна сціплы галоўны дом вышынёй чатыры паверхі і плошчай 3,5 тыс. квадратных метраў.

На тэрыторыі таксама ёсць кітайскі павільён, які выкарыстоўваецца ў якасці гасцявога доміка. Яго будавала тая ж фірма «Крэда», што цяпер адказвае за будоўлю палаца пад Геленджыком. У спісе пабудоў таксама ёсць лазні, альтанкі, рэстаран і піўны рэстаран, хаткі і дзіцячая пляцоўка. Таксама ў рэзідэнцыі ёсць Уладзімірская царква.

«Здавалася б, ну рэзідэнцыя і рэзідэнцыя. Што «Нова-Агарова», што сочынская, што гэтая — усё адно і тое ж. Дзярждача. Але «Валдай» хаваюць не проста так. Бо тут, у 350 метрах ад асноўнага дома стаіўся галоўны валдайскі сакрэт Пуціна, храм яго аскезы.

Дом, у два разы большы за саму рэзідэнцыю. Амаль 7000 квадратных метраў. 3 паверхі, з якіх два пад зямлёй. <…> Гэта СПА-комплекс, які таксама арандуе УСП. Асабісты салон прыгажосці і догляду сябе для Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна», — гаворыцца ў публікацыі.

У гэтым будынку размешчаны крыякамера для амаладжальных працэдур, флоат-басейн для зняцця стрэсу, кабінеты касметолага і стаматолага, масажныя ванны, звычайны 25-метровы басейн, хамам і саўна. Асобна ў ФБК звярнулі ўвагу на размешчаны ў будынку масажны блок, дзе сярод іншага ёсць подыум для тайскага масажу. «Масажнае крэсла, якое асвятляе спецыяльная інфрачырвоная лямпа (толькі гэта адно крэсла каштуе больш за паўмільёна рублёў). Ну а ў сярэдзіне пакоя — ложак, заштораны цюлевым балдахінам. <…> На адной сцяне керамічнае пано з архідэямі, а на другой — пано з менш гучнай назвай «зігулі», — адзначаецца ў тэкставай версіі расследавання.

У будынку спа-цэнтра таксама ёсць спальня, сервіравальны пакой, 500-метровая гасцёўня з акварыумам, дапаможнае памяшканне для якога мае плошчу 13 квадратных метраў. У падвале размешчаны тэхнічныя памяшканні і пакоі персаналу, уключаючы дапаможнае памяшканне для гразелячэння (падобны пакой меўся на плане палаца ў Геленджыку) і пакой спецсувязі.

Усяго УСП арандуе на тэрыторыі амаль 80 будынкаў. Пры гэтым падрабязнасці аб умовах арэнды невядомыя, а ў дакументах Расрэестру назіраецца блытаніна. З матэрыялаў 2009 года, размешчаных на партале дзяржзакупак, можна даведацца, што на тэрыторыі рэзідэнцыі, акрамя згаданых пабудоў, ёсць стайня, пляцоўка для гольфа, пляцоўка для міні-гольфа, віп-рэстаран з кіназалам, боўлінгам, більярднай і міні-казіно (аб пакоі для казіно распавядалася і ў расследаванні пра палац на ўзбярэжжы Чорнага мора).

У ФБК дадалі, што на працягу 20 гадоў з боку ФСА за аб'ект адказваў Валерый Пікалеў, які нядаўна быў прызначаны віцэ-губернатарам Санкт-Пецярбурга.

Чытайце таксама: Фонд Навальнага выпусціў расследаванне пра «палац Пуціна». Ён абышоўся ў $1,35 мільярда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?