«Пакінуў гэты свет Анатоль Клышка, па чыім Буквары вучыліся мільёны беларусаў.

Той Буквар (найвыдатнейшы!) стаў ці не самай тыражнай беларускай кнігай.

У пару майго школьніцтва яго разавы наклад даходзіў да 150 000 асобнікаў.

37 гадоў прайшло-прамільгнула, а я і сёння помню і ўсе малюнкі буквароўскія, і ўсе тэксты. «Хвошча, хвошча дождж, воўк схаваўся ў хвошч. Хвост пад хвашчом, а сам пад дажджом»…

Дабрадушны, заўсёды жыццярадасны, па-маладому цікаўны да ўсяго на свеце спадар Анатоль і на дзявятым дзясятку не сядзеў склаўшы рукі. То дасканаліў свой легендарны Буквар (выходзілі новыя перавыданні, іх было больш за 40), то перакладаў з арыгінала Марцыяла (асобным зборнікам выйшаў пару гадоў таму), то даследаваў жыццёвы і творчы шлях свайго ўлюбёнца Валянціна Таўлая (для серыі «Беларускі кнігазбор»).

16 красавіка Анатолю Канстанцінавічу споўнілася б 86… Светлая памяць рупліваму творцу і вялікаму Настаўніку».

Анатоль Клышка нарадзіўся 16 красавіка 1935 года ў вёсцы Данейкі (цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці) ў сялянскай сям’і. Скончыў філфак БДУ, працаваў у ЛіМе, «Полымі», у Міністэрстве адукацыі БССР. Быў сярод стваральнікаў Таварыства беларускай мовы.

Свой «Буквар» ён склаў у 1969 з улікам апошніх дасягненняў псіхолага-педагагічнай навукі. 

Пісаў таксама прозу для дзяцей, перакладаў. У прыватнасці, пераклаў з грэчаскай мовы «Новы Запавет».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?