Фота wikimedia.org

Такі прадмет — экзашкілет — існуе ў сапраўдным жыцці, і ў яго вялікая будучыня. Можна апісаць экзашкілет як знешнюю прыладу, што падтрымлівае і абараняе карыстальніка і пры гэтым робіць яго больш дужым і нястомным. Часам іх называюць «робаты, якіх можна насіць на сабе».

Экзашкілеты могуць працаваць на акумулятары, а кіраваць імі можна з дапамогай камп’ютара. Канструкцыя такіх прыладаў можа аб’ядноўваць рухавікі і гідраўліку. Але экзашкілеты можна зрабіць і больш простымі, такімі, што будуць працаваць на рэсорах і амартызатарах, піша ВВС.

Раней экзашкілеты ў асноўным выкарыстоўвалі ў вайсковай і медыцынскай сферы, але ў апошнія гады сфера іх ужывання істотна пашырылася. Экзашкілеты выкарыстоўваюць у прамысловасці, бо праца ў гэтай сферы звязаная з вялікім узроўнем стомленасці і рызыкі. Звычайныя ж людзі, асабліва з хваробамі апорна-рухальнага апарата, могуць з дапамогай экзашкілетаў лягчэй рабіць паўсядзённыя рэчы — ад хатняй працы да шпацыраў і спорту.

Таму варта чакаць вялікага росту попыту на экзашкілеты. Згодна з даследаваннем маркетынгавай структуры ABI Research, за час з 2020 да 2030 гадоў сусветныя прыбыткі ў гэтай сферы вырастуць з 392 мільёнаў даляраў да 6,8 мільярдаў даляраў.

Самыя прагрэсіўныя экзашкілеты працуюць з сістэмамі штучнага інтэлекта — праграмамі, якія могуць да нейкай ступені самі навучацца і адаптавацца. Прафесарка Сандра Ўочтэр, старшая навуковая супрацоўніца ў сферы штучнага інтэлекта ў Оксфардскім універсітэце, вітае такое новаўвядзенне, але кажа, што да яго трэба ставіцца з некаторай засцярогай.

Экспертка лічыць, што калі робаты пачнуць кантраляваць працоўны працэс, гэта можа быць небяспечным. Напрыклад, сістэма пачне адсочваць рухі карыстальніка і інтэнсіўнасць працы, далей будзе параўноўваць яе з працай іншых людзей і рабіць некарэктныя высновы.

Зараз, аднак, існуе шэраг фактараў, што стрымліваюць распаўсюд экзашкілетаў. Сярод іх — ёмістасць акумулятара, абмежаваны дыяпазон рухаў і дарагавізна. Зараз экзашкілет на ўсё цела каштуе ў сярэднім 45 тысяч даляраў, але эксперты чакаюць, што з цягам часу цана знізіцца.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?