Даследчык Антарктыды біёлаг Зміцер Лукашанец пасля акцый пратэсту перабраўся ў Літву. Тут ён атрымаў прытулак і знайшоў новае месца працы — у Інстытуце марскіх даследаванняў пры Клайпедскім дзяржаўным універсітэце, піша «Еўрарадыё». 

У інтэрв'ю delfi.lt навуковец патлумачыў, што апошнім часам у Беларусі навукай займацца стала немагчыма. Кіраўніцтва Акадэміі навук заяўляе, што цалкам падтрымлівае дзеянні Аляксандра Лукашэнкі і сілавікоў, а тым, хто сутыкнуўся з гвалтам, — так і трэба, самі заслужылі.

У такіх умовах Лукашанец працаваць не захацеў і пакінуў пасаду намесніка дырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах. На гэтай пасадзе ён працаваў апошнія паўтара года.

Навуковец займаўся даследаваннем Антарктыды, удзельнічаў у экспедыцыях на гэты мацярык. «Антарктычная праграма ўсё ж з'яўляецца іміджавым праектам і звязаная з грамадскім жыццём, таму замкнуцца ў сабе, адседзецца, засяродзіцца на кабінетнай або навуковай працы, дзе цябе амаль ніхто не бачыць і не ведае, і зрабіць выгляд, што ты нічога не заўважыў і наогул ні пры справах, не атрымалася б. Гэта супярэчыць маім прынцыпам і перакананням», — прызнаецца ён.

Бацькі Змітра Лукашанца таксама працавалі ў навуковай сферы. Бацька Аляксандр Лукашанец — мовазнаўца, акадэмік. 

«Пасля масавых пратэстаў і хвалі гвалту ён таксама не змог заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца, і выказаў сваё незадавальненне разам з іншымі навукоўцамі ў калектыўным звароце. За гэта ён паплаціўся пасадай…

Нават ішла гаворка пра тое, каб пазбавіць яго звання акадэміка. Было сказана, што ён акадэмік з антыдзяржаўнай пазіцыяй, прычым усё гэта мусолілася прылюдна», — распавядае навуковец. 

Маці Змітра працавала ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, дзе праходзілі шматлікія акцыі супраць гвалту сілавікоў. Удзел у іх узялі як студэнты, так і выкладчыкі. «Гэта быў не проста парыў душы — у першую чаргу, ён быў звязаны з тым, што амапаўцы ўрываліся і затрымлівалі студэнтаў проста ў будынку. Многія выкладчыкі, зразумела, не змаглі на гэта спакойна глядзець. Яны выказалі сваю пазіцыю — услед за гэтым пракацілася хваля звальненняў. Ад іх пазбавіліся вельмі хутка.

Мая мама — прафесар кафедры агульнага мовазнаўства. Яна не стала чакаць і ўступаць у дыялог з начальствам — звольнілася сама. Сказала, што не можа здраджваць свайму сумленню і гонару, хоць многія змірыліся і прамаўчалі», — згадвае Лукашанец.

Чытайце таксама: Біёлаг Зміцер Лукашанец расказвае пра экспедыцыю ў Антарктыду, заробкі навукоўцаў і беларускамоўную школу для сына