фота pixabay.com

У розных кропках Вялікабрытаніі нараджаюцца грамадскія кампаніі, мэта якіх — стварэнне больш бяспечнай гарадской прасторы. Напрыклад, актывісты з Шэфілда жадаюць палепшыць асвятленне ў гарадскіх парках. А ў Гастынгсе мясцовыя жыхары ў дадатак да асвятлення просяць усталяваць у мясцовым парку відэаназіранне і зрабіць бяспечным шлях праз парк.

Сапраўды, добрыя ўрбаністычныя рашэнні могуць зрабіць горад больш бяспечным для жанчын, але гэтыя ж меры зробяць жыццё лягчэйшым і для астатніх катэгорый жыхароў. Даследаванні паказваюць, што бізнэс і экалогія ў такіх гарадах развіваюцца лепей. Пры гэтым размова ідзе не пра глабальныя змены: важна, каб вуліцы былі зручныя для шпацыраў, грамадскія прасторы былі больш адкрытыя, а ходнікі — асветленыя, піша ВВС.

Калпана Вішванатх, урбаністка і сузаснавальніца сацыяльнага прадпрыемства Safetipin, лічыць прагляданасць навакольнага асяроддзя асноўным фактарам, што дае жанчынам адчуванне бяспекі. Калі чалавек ідзе па вуліцы, яго супакойвае прысутнасць вулічных гандляроў, мясцовых жыхароў і звычайных мінакоў. Таму высокія агароджы зніжаюць для жанчын узровень бяспекі, бо яны не даюць магчымасці іншым людзям дапамагчы ім у надзвычайнай сітуацыі.

Але варта змагацца не толькі з апусцелымі прасторамі, але і з тымі, дзе занадта шмат людзей. Звычайна жанчыны адчуваюць сябе найбольш камфортна ў месцах, дзе ёсць прадстаўнікі розных пакаленняў і абодвух палоў — як жанчыны, так і мужчыны.

Меры, пра якія ідзе гаворка, не абавязкова павінны шмат каштаваць гарадскому бюджэту. Напрыклад, вулічныя ліхтары на базе святладыёдаў дапамогуць ашчадзіць электрычнасць і пры гэтым зробяць дарогі больш бяспечнымі для кіроўцаў і пешаходаў. Калі ходнікі роўныя і без ямін, мамам лягчэй везці дзіця ў вазку, а пандус дазволіць інвалідам таксама карыстацца гарадской прасторай. Даступнасць грамадскіх прыбіральняў — яшчэ адна праблема, над якой варта задумацца.

Гэтыя простыя рашэнні спрацуюць лепей, калі планіроўшчыкі гарадоў будуць звяртаць больш увагі на кантэкст, у якім яны працуюць, і уважліва выбіраць, якой катэгорыі мясцовых жыхароў яны будуць надаваць больш увагі. Да таго ж, важна прыслухоўвацца да патрэб гэтых людзей і ўлічваць іх пры планаванні.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?