«Я меркаваў, што перад Днём Волі мяне могуць затрымаць, і начаваў не дома. Пасля засумаваў па дзецях і жонцы — я толькі нядаўна адбываў суткі — і вярнуўся ў кватэру. А пакуль мяне не было, прыходзілі міліцыянты і шукалі мяне. «Хочам правесці прафілактычную гутарку, запэўніцца, што ён не пойдзе на Дзень Волі. Даём слова, што пасля адпусцім», — казалі майму бацьку.

Раніцай 24 сакавіка ў 7.30 выходжу з кватэры, і каля ліфта ўжо стаяць міліцыянты. Мы спускаемся па лесвіцы, я ў дамафон званю жонцы, кажу, што дачку ў школу павядзе яна, бо мяне забіраюць у апорку», — апісвае доктар затрыманне.

Гутаркай справа не скончылася — Руслан патрапіў на Акрэсціна. 

«Умовы на ЦІП былі дрэнныя, яшчэ калі я сядзеў з 5 сакавіка. Тады не было ні матрацаў, ні пасцелі. У чатырохмеснай камеры — да 12 чалавек.

Сярод нас, дарэчы, быў былы следчы, які ў сваім раёне спрабаваў за фальсіфікацыі завесці крымінальную справу — на ЦІП ён апынуўся за сцяг.

Першы час мы пісалі скаргі на ўмовы ўтрымання, пасля ў нас пазабіралі асадкі».

Апошні раз, калі яго затрымалі, доктар толькі да суда быў у ІЧУ, з 26 на 27 сакавіка яго перавезлі ў Жодзіна.

«Першыя дні былі матрацы. А 1 красавіка загадалі: скручвайце матрацы, падушкі і выносьце. Нічога не тлумачылі. Ранкам пачаліся больш жорсткія праверкі: нас выводзілі з камер, уздоўж сценак ставілі на расцяжку — ледзь не на шпагат трэба было сядаць, па нагах білі, каб шырока ставілі. 

У нас заставаліся коўдры — мы на іх спалі. Але праз пару дзён забралі і іх. Такое адчуванне, што яны ўвесь час стараліся прыдумаць: што б зрабіць дрэннага, каб мы расплакаліся і пачалі маліцца на іх.

Я жартаваў: а ложкі забіраць будзеце? Супрацоўнік: «Ну гэта праблематычна, патрэбна балгарка». Там жа ложкі усе прывараны да падлогі.

У сераду былі перадачкі, многія атрымалі іх на раніцу ў чацвер. А ў пятніцу супрацоўнікі выграблі ўсё мясное і сала, нібыта таму, што яно хутка псуецца. Хоць прадукты, якія хутка псуюцца, у перадачках наогул не прымаюць. Праз некалькі дзён забралі яшчэ соль і цукар, нічым гэта не патлумачылі.

Нібыта далі каманду «фас» — і маладыя стараюцца. Яны ж такія двудушныя: адзін і той жа вертухай можа ўдарыць, а на наступны дзень на шпацыры клапатліва пытацца, ці паспелі мы свежым паветрам падыхаць».

Пасля 25 сакавіка з Русланам сядзела шмат тых, хто патрапіў у ізалятар першы раз. Кагосьці затрымалі, калі пускаў салют, кагосьці па дарозе ў барбершоп.

«Нават быў хлопец, які працуе майстрам на гадзіну, ён у руках нёс чамаданчыкі з шрубавёртам і дрылём. Яму раптам пазванілі, тэлефон пачаў міргаць. Міліцыя гэта ўбачыла, падумала, што ён перамігваецца ліхтарыкам з людзьмі, якія з вокнаў свецяць. Схапілі, не збянтэжыла нават тое, што на ім брудная працоўная форма.

Пачалі шманаць, глядзяць — улёткі. Начальніку тэлефануюць: мы добрую рыбу злавілі. Не разабраліся нават, што за ўлёткі. У РУУС ужо начальнік разгледзеў, што на паперках напісана «сантэхніка, укладка пліткі, электрычныя работы». 

Першыя дні пасля вызвалення доктар правёў на працы — праз затрыманні і так шмат часу не вёў прыём.

«Мяне гэта ні фізічна, ні псіхічна не пахіснула, — кажа ён пра суткі. — Без кніжак сумна, канечне, але нас гэта не зламіла. Нічога, акрамя рэпрэсій, у іх няма, гэта сістэма можа займацца толькі падаўленнямі. Мне здаецца, у такой сістэмы няма будучыні».

Чытайце таксама:

Служыў у медроце ў Печах, а цяпер выходзіць на пратэсты. Гісторыя неўролага з РНПЦ, які тройчы сядзеў пасля выбараў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?