Пра гэта Reform.by паведаміў кіраўнік BelarusDocs, рэжысёр Алесь Лапо.

— Рашэнне аб пераносе фестывалю прынятае на 100%, — прызнаецца заснавальнік і дырэктар фэсту дакументальнага кіно. — Учора мы параіліся з камандай і вырашылі перанесці BelarusDocs на няпэўны тэрмін. Хоць у нас і ўсё гатова, як кажуць, бяры ды запускай. І толькі ўчора мы разаслалі анонсы ў СМІ.

Алесь Лапо не адмаўляе, што на такі крок яго падштурхнулі апошнія навіны ў краіне і клопат пра каманду. Толькі ўчора беларускі рэжысёр вярнуўся з расійскага фестывалю «Артдокфэст», дзе дэманстравалася яго карціна «Усе мерапрыемствы згодна з планам».

— Вярнуўся ў даволі добрым настроі, а тут такое, — дзеліцца рэжысёр. — Прачытаў пра спыненне ўжо і анлайн-версіі праекта «Машина дышит, а я — нет», пра затрыманне арганізатараў выставы пра медыкаў. Цяжка гэта ўсё. Тым больш, у мяне ёсць перасцярогі па адной кінастужцы ў нашай праграме, — зазначае дакументаліст. — Калі б рабіў фестываль адзін, я б не спыніўся. Але паколькі BelarusDocs — справа калектыўная, давялося прыняць даволі няпростае рашэнне.

BelarusDocs-2021 мусіў быў адбыцца на сайце кінападзеі з 13 па 19 красавіка. Акцэнт у праграме чацвёртага анлайн-фестывалю дакументальнага кіно тэматычна быў зроблены на пытаннях правоў чалавека. У яго конкурсе заяўлены стужкі беларускіх дакументалістаў: Галіны Адамовіч, Любові Зямцовай, Максіма Шведа, Веранікі Ніканавай, Дар’і Юркевіч і Юліі Шатун. Новую дату фестывалю арганізатары паведамяць на афіцыйным сайце і на старонках фестывалю ў сацыяльных сетках.