Гаворка ідзе пра падзеі, калі Намібія была калоніяй Германіі, і цэнтральныя ўлады нярэдка забівалі мясцовых жыхароў ці выганялі іх у канцлагеры. Берлін прызнаў тыя падзеі генацыдам яшчэ шэсць гадоў таму, аднак так і не выплаціў кампенсацыі.

Афрыканцы лічаць, што нямецкі бок павінен весці перамовы не толькі з урадам, але і з лідарамі плямёнаў, якія ўжо спрабавалі адсудзіць грошы ў амерыканскіх судах. Некаторыя прадстаўнікі намібійскіх плямёнаў лічаць, што ўрад краіны хоча «прыбраць да рук» выплаты кампенсацый, каб спансіраваць свае праекты.

Улады Германіі не каментуюць сітуацыю. BBC News нагадвае, што магчымыя кампенсацыі Намібіі створаць прэцэдэнт: ніводная з былых каланіяльных дзяржаў яшчэ не ўступала ў перамовы з былой калоніяй з нагоды падзей стогадовай даўніны.

У 1904-1908 гадах, калі тэрыторыю сучаснай Намібіі займала Германская Паўднёва-Заходняя Афрыка, нямецкі экспедыцыйны корпус задушыў паўстанне афрыканскіх плямёнаў. Тады яны складалі большасць насельніцтва краіны. Германскія ўлады «загналі» тых, хто выжыў, у пустыню — там многія памерлі ад голаду — ці адправілі ў канцлагеры. Паводле ацэнак гісторыкаў, загінулі ад 65 да 80 тысяч прадстаўнікоў племя герэра і каля 20 тысяч прадстаўнікоў племя нама.