«Вось так у сталым узросце пакінула сваю кватэру ў Бабруйску і паехала зусім у незнаёмае для сябе месца і новую школу — у вёску Пярэжыр у Пухавіцкім раёне», — пасміхаецца Ганна.

Алена і Ганна

Да настаўніцтва працавала сядзелкай, афіцыянткай, выхавацелькай і на кухні

Для Ганны Анатольеўны шлях у настаўніцтва вызначыўся яшчэ падчас навучання ў школе. Жанчына згадвае, што атрымлівала асалоду і ад чытання, а ад напісання творчых работ, і ад матэматыкі.

Ганна

«Думаю, кропку ў самавызначэнні паставіла настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Каранкевіч. Яна хваліла мае сачыненні, добра адгукалася пра творчасць — гэта надало веры ў свае сілы. Яшчэ адной прычынай, магчыма, стаў прыклад старэйшай сястры Таццяны, якая вельмі любіла чытаць. Грошы, што матуля давала нам на нясмачныя абеды ў школьнай сталоўцы, мы пакідалі ў кнігарні ў абмен на творы Пушкіна, Лермантава, Талстога, Чэхава. У 21 год, пасля сканчэння магілёўскага педінстытута, я пачала працаваць настаўніцай», — расказвае Ганна.

Першы клас Ганны Анатольеўны. Фота з архіву гераіні

Гісторыя Алены іншая. Спачатку яна ўвогуле думала аб прафесіі псіхатэрапеўта. Былі варыянты паступіць на перакладчыцу або эканаміста: у дзяўчыны добра складваліся адносіны з большасцю прадметаў. Калі ўсё ж Алена аддала перавагу філалагічнаму кірунку, не рызыкнула паступіць на філфак БДУ і пайшла ў педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

«Мне не хапала ўпэўненасці ў сабе, — шчыра прызнаецца Алена. — Думала, што ў БДУ ўсе надта разумныя, а я нейкая не такая. Не прайсці па балах было б сорамна. З педуніверам у мяне такіх страхаў не было, і я сапраўды паступіла на бюджэт. Праўда, скончылася тым, што я забрала дакументы з ВНУ ўжо праз пару месяцаў: не склаліся адносіны з некаторымі выкладчыкамі. Прыехала дадому — родныя былі ў шоку».

Алена

Да таго, як зноў вярнуцца на філфак, Алена паспела папрацаваць сядзелкай, афіцыянткай, выхавацелькай у дзіцячым садку, кухоннай рабочай, аператаркай ЭВМ. Так мінула амаль восем год. Толькі пасля, пачуўшы ад добрага знаёмага: «Ведаеш, табе б я аддаў вучыць сваіх дзяцей», Алена ўсё ж рашылася паступіць на філфак і больш ужо не расчароўвалася ў абраным шляху.

«Змяніць стаўленне вучняў — куды важней, чым прызавыя месцы ў конкурсах»

У 2019 годзе Алена стала адной з дзевяці шчасліўчыкаў, якія трапілі ў першы набор праграмы «Настаўнік для Беларусі» (заявак прыйшло больш за 60). Арганізатары шукалі таленавітых выкладчыкаў па усёй краіне з умовай, што яны былі б не супраць прыехаць выкладаць цягам двух год у вясковай школе. Што прапаноўвалася ўзамен? Куратарства, майстар-класы і адукацыйныя курсы ад беларускіх і замежных спікераў, стыпендыя ў 250 рублёў і кампенсацыя расходаў на жытло.

Праграма «Настаўнік для Беларусі» з’явілася дзякуючы падтрымцы БПБ-Ашчадбанка і камандзе аднадумцаў. Сёння кадраў для беларускай глыбінкі катастрафічна не хапае. Каб неяк паўплываць на сітуацыю і даць магчымасць большай колькасці дзяцей атрымліваць якасную адукацыю, незалежна ад месца жыхарства, вырашылі стварыць беларускі варыянт праекта настаўніцтва. Ён усебакова падтрымлівае тых, хто хоча працаваць на вёсцы. Проста зараз ідзе новы набор настаўнікаў для Беларусі — вы таксама можаце падаць заяўку. Заснавальнік праграмы — БПБ-Ашчадбанк. А ажыццяўляецца яна пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, кампаній 21vek.by, EPAM Systems і іншых.

«Я ўбачыла інфармацыю аб праекце ў сацыяльных сетках — сэрца адразу забілася мацней. Зразумела: гэта маё. Ведаеце, раней я заўсёды адчувала сябе нейкім самотным воінам, які хацеў больш і для людзей, і для свету ў цэлым. А тут, нарэшце, сустрэла аднадумцаў», — каментуе Алена.

Перш чым трапіць выкладаць у вясковую школу, кожны з удзельнікаў праграмы бярэ ўдзел у так званым летнім інтэнсіве — месячным пагружэнні ў педагогіку.

«Педагогіка ў нас была на сняданак, абед і вячэру. Мы працавалі з трэнерамі з Італіі, з вядомым кансультантам па групавой дынаміцы Дзянісам Іскарцавым і іншымі спікерамі, моцнымі ў сваёй справе — ад менеджараў да псіхолагаў, супрацоўнікаў прыватных школ. Гэта было ўсебаковае ўзрушэнне, такому дакладна больш нідзе не вучаць».

Пасля ўсіх этапаў адбору Алена пераехала разам з дачкой са свайго апошняга месца працы ў Салігорску ў Негарэльскую сярэднюю школу, што ў пасёлку Энергетыкаў. Тут у 2019 годзе настаўніца Людміла Рыбчынская выйграла грант ад Google на развіццё задаткаў праграмавання (Людміла таксама была ўдзельніцай першага набору праграмы). Трэба было адпавядаць узроўню. У школе Алена выкладае для 115 дзяцей. Вядзе рускую мову і літаратуру, а таксама кружок журналістыкі і тэатральнае майстэрства.

Алена з вучнямі на тыдні кода ад Google. Фота з архіву гераіні

«Пакідаць горад з дзіцём было нястрашна, бо сама я нарадзілася ў вёсцы. І, ведаеце, нашых вясковых настаўнікаў, нават калі ўжо вучылася ў бабруйскай школе, згадвала з цеплынёй», — распавядае Алена Алёхна.

Для яе настаўніцтва — самая складаная праца з усіх, што яна асвоіла. 

«У мяне 115 дзяцей, усе вельмі розныя. Ëсць індывідуальнасці, якія імкнуцца быць асаблівымі. Але для мяне кожны вучань асаблівы. Нават у самага «слабага» я веру, перадаю яму гэтую ўпэўненасць у сабе і аддаюся працы цалкам, таму часам адчуваю сябе нібы выціснуты лімон», — каментуе Алена. 

За амаль два гады ў гэтай школе Алена з вучнямі паспела выйграць некалькі салідных конкурсаў. Яны з дзецьмі ўзялі прызавое месца ў міжнароднай скарынаўскай алімпіядзе ў Полацку, у фестывалі-конкурсе дзіцячых медыяў «Свежы вецер», у раённым спаборніцтве на найлепшую школьную газету, у конкурсе навукова-даследчых работ. Але для настаўніцы куды больш каштоўныя іншыя перамогі. 

«Ведаеце, да аднаго хлопчыка ў класе ставіліся не вельмі добра. Я заўважыла, пачала казаць, што так нельга, тлумачыць, чаму нельга. І праз нейкі час стаўленне да яго змянілася ў лепшы бок. Такія вось чалавечыя перамогі для мяне асабіста важнейшыя. Ці паказаць, што адзнаку трэба заслужыць. Не ўсім дзецям падабаецца звышсумленнасць: я магу не спаць ноч, але пераправеру на антыплагіяце 20 сачыненняў. Для мяне важна паказваць дзецям, што сумленнымі можна і важна быць. Важна выхоўваць, згодна з высокамаральнымі каштоўнасцямі, як мяне выхавала ў свой час маці».

«Вучаніца так захапілася творчасцю Гогаля, што пачала рабіць мемы»

Пабачыўшы захапленне дачкі, паспрабаваць свае сілы ў праграме вырашыла і Ганна. У 2020 годзе на 25 месцаў прыйшло ўжо 130 заявак. Праўда, усе актыўнасці і навучанне праз каранавірус былі перанесеныя ў анлайн. Цяпер жанчына змяніла сваю бабруйскую кватэру на прыватны дом у вёсцы Пярэжыр і сама носіць ваду з калодзежа, атрымліваючы асалоду ад свежага паветра. У мясцовай школе Ганна стараецца прышчапіць дзецям любоў да чытання літаратуры.

«Маючы больш за 30 год педагагічнага стажу, я сапраўды адчуваю, што цяпер з дзецьмі складаней, чым раней. У інтэрнэце шмат усяго, і трэба змагацца за іх увагу. Як выкручваемся? Праводзім гульні — напрыклад «Што? Дзе? Калі?» па творчасці пісьменнікаў. Выкарыстоўваем інтэлект-карты і віртуальныя дошкі». 

Алена таксама стараецца зацікавіць літаратурай у гульнявой форме: па байках Крылова, напрыклад, яна ставіла з дзецьмі міні-спектакль.

«Гэта прыносіць свае вынікі. Адна дзяўчынка так захапілася творчасцю Гогаля, што стала рабіць літаратурныя мемы са сваімі аднакласнікамі. І за гэта яна атрымлівае пэўныя бонусы», — распавядае Алена.

Чаго дакладна не будуць рабіць настаўніцы, дык гэта крычаць на дзяцей і абражаць іх. Яны ўпэўненыя, што гэта непедагагічна і ўскладняе працу з дзецьмі для іншых. Максімум, які сабе могуць дазволіць настаўніцы, — грукнуць кніжкай па стале. 

«У сённяшняй сістэме адукацыі хапае праблем. Па-першае, сам падыход да выкладання састарэў: часам дзеці не разумеюць, як ім спатрэбяцца ў жыцці пэўныя рэчы. Даводзіцца доўга тлумачыць, што адной пісьменнасці недастаткова, што ўменне адрозніць азначэнне ад акалічнасці развівае аналітычныя здольнасці, і гэта важна. Ëсць праблема і з тым, што ў дзяцей мала застаецца ў галаве — на ўроку яны памятаюць, а праз пару дзён ужо не.

Тармозіць навучальныя працэсы і колькасць неабходных для запаўнення папер, дакументаў. На дзіця як асобу ў выніку застаецца мала часу, у настаўнікаў здараецца прафесійнае выгаранне. У тым ліку гэта звязана з недахопам кадраў, з непрывабнасцю прафесіі для моладзі. Думаю, такія праекты, як «Настаўнік для Беларусі», акурат і здольныя змяняць адукацыю ў лепшы бок. Праграма дапамагае раскрываць патэнцыял і ў дзецях, і ў настаўніках, і нават у сістэме школы. Верыцца, што будзе яшчэ больш перамен да лепшага, што яны будуць больш маштабнымі», — упэўненая Алена.

Стаць настаўнікам для Беларусі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?