Пра затрыманне звязанага з BYPOL былога вайскоўца-кантрактніка 25-гадовага Рамана Марусава распавёў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч у эфіры БТ-1.

Марусаў праходзіў службу па кантракце ў сілах спецыяльных аперацый Мінабароны. Пасля звальнення ён звязаўся з ініцыятывай BYPOL. Казакевіч сцвярджае, што Марусаў — «вельмі радыкальна настроены малады чалавек, прыхільнік ультраправых поглядаў неанацысцкага толку».

Нібыта ён планаваў выехаць у Івана-Франкоўск для падрыхтоўкі ў спецыяльным трэніровачным лагеры «Правага сектара» і наступнага ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны.

Намеснік кіраўніка МУС заявіў аб наяўнасці «сувязі» паміж Марусавым і анархістам Дзядком.

— У Марусава падчас ператрусу канфіскавалі кнігу Дзядка з дарчым надпісам. Ён ужо ніяк ад гэтай справы не адкруціцца, — заявіў Казакевіч.

Варта адзначыць, што ультраправыя і анархісты знаходзяцца на процілеглых канцах ідэалагічнага спектру і, як правіла, не перасякаюцца. Ці ж мог быць Марусаў ультраправым і адначасова звязаным з Дзядком?

Казакевіч пералічыў людзей, якія, па меркаванні МУС, складаюць касцяк ініцыятывы BYPOL: Астаповіч, Лобан, Купрэйчык, Жыгар, Лупаносаў, Азараў, Талерчык, Макар, Мядзведзеў.

Казакевіч распавёў, як сілавікі прысутнічаюць у сацсетках, групах і чатах, у тым ліку закрытых, і «з некаторым сарказмам назіраем за патугамі нашых замежных змагароў распачаць нейкія меры канспірацыі».