Tut.by

Другі дзень Пасхальнага Трыдууму — Вялікая пятніца — гэта адзіны дзень у літургічным годзе, калі ў Каталіцкім Касцёле не цэлебруецца святая Імша. Увага парафіяльных супольнасцяў звернута на крыж — знак збаўлення і надзеі хрысціянаў.

Як падкрэсліў іерарх, «цярпенні і крыжовую смерць Езус прыняў дабравольна і без прымусу», таму Яго ахвяра і была «сапраўднай любоўю», таму яна і стала «збаўчай». Пра гэты «акт дабравольнай і ахвярнай любові» Езуса, як дадаў арцыпастыр, добра сведчыць Яго арышт: «Нягледзячы на тое, што Юда з жаўнерамі прыйшлі арыштаваць Езуса, дзіўная боскасць Хрыста ахапіла іх да такой ступені, што яны ўпалі на зямлю».

«Калі Пілат, які меў палітычную ўладу і мог асудзіць Езуса на смерць, дапытваў Яго, то на самай справе не Пілат асуджаў Езуса, а Езус — Пілата. Пра гэта сведчаць словы Езуса, што Пілат не меў бы ніякай улады, калі б яму не было дадзена з вышыні, — падкрэсліў арцыбіскуп.

«У Евангеллі паказаны дзіўны парадокс: Пілат хацеў апраўдаць Езуса, але не быў свабодны ў сваіх дзеяннях і таму не мог судзіць справядліва. Супраць сваёй волі Ён аддаў Езуса юдэям, каб яны вырашылі, што з ім зрабіць.

Як вядома, яны папрасілі вызваліць злачынца Барабу, а Езуса асудзіць на смерць. Так і сталася. Але насамрэч Езус дабравольна выбраў смерць на крыжы, каб такім чынам праявіць бязмежную збаўчую любоў Бога да чалавека», — сцвердзіў іерарх.

Калі жаўнеры ўкаранавалі Езуса каронай з церняў, то хацелі пасмяяцца з Яго. «Але іронія ў тым, што Езус сам жадаў гэтай кароны. Бо Ён — Кароль каралёў і Кароль сусвету. Веліч і слава Бога моцна кантрастуе з палітычным становішчам і ўладай. Для Хрыста веліччу стаў крыж. Нездарма Божая сіла праяўляецца ў слабасці, як вучыць святы апостал Павел», — падкрэсліў іерарх.

«Сёння наша Бацькаўшчына нясе крыж грамадска-палітычнага крызісу і перажывае сваю Вялікую пятніцу. Вядома, што пасля захаду сонца настае яго ўсход. Вось і пасля трагедыі на Галгофе таксама настала велікоднае світанне. Таму не будзем баяцца несці крыж нашага асабістага і грамадскага жыцця. Лацінская прымаўка кажа: Зямля круціцца, а крыж застаецца. А ў ім — збаўленне і перамога над грахом і злом», — заключыў арцыбіскуп Кандрусевіч.