У адным з тэлеграм-каналаў з'явілася інфармацыя аб тым, што база даных платформы «Голас» выстаўлена на продаж. Распрацоўшчыкі платформы заявілі, што гэта фэйк, піша Dev.by.

У тэлеграме пісалі, што ў прадаванай базе даных змяшчаюцца тэлефонныя нумары тых, хто рэгістраваўся ў боце. Гэта 768 418 нумароў. Таксама быў размешчаны скрыншот базы даных, нібыта выстаўленай на продаж.

У «Голасе» растлумачылі:

«Фэйк. Мы праверылі. Звесткі са скрыншота не з нашай базы. Акрамя таго мы не захоўваем самі тэлефоны — толькі іх хэшы».

«Мы звязваем чарговую правакацыю з эфектыўнасцю працы «Голаса» — платформа карыстаецца даверам і беларусаў, і ўсёй міжнароднай супольнасці, якая пасля абвяшчэння галасавання за перамовы па выхадзе з крызісу прыкметна актывізавалася. Звяртаемся да нашых карыстальнікаў: не давярайце правакацыям. Вашы даныя надзейна абаронены і знаходзяцца ў поўнай бяспецы», — гаворыцца ў звароце.

У базе «Голаса» значна больш уліковых запісаў, чым 760 000. Аб чым, мяркуючы па тэксце допіса, не здагадваецца аўтар «зліва». У сістэме «Голаса» больш за 1,6 млн уліковых запісаў.

Усяго ў «Голасе» зарэгістравала каля 1,5 мільёна выбарцаў. Гэтая ініцыятыва была створаная, каб перашкодзіць фальсіфікацыі выбараў ва ўмовах, калі выбарчыя камісіі складаюцца з асоб, зацверджаных лукашэнкаўскім апаратам, а незалежным назіральнікам не дазваляюць бачыць бюлетэні падчас падліку галасоў.