Адкрываючы сустрэчу, якая адбылася 30 сакавіка, расійскі сенатар Аляксей Пушкоў заявіў, што «Захад» не толькі «працягвае барацьбу за дэлегітымацыю Расеі ў свеце», але і мае намер дзейнічаць «больш агрэсіўна». Парламентарый папярэдзіў, што «вынік гэтай бітвы не прадвызначаны» і залежыць ад намаганняў прысутных. А каб «абараніць Расею на сусветнай арэне», неабходна «рэагаваць на заканадаўчым узроўні на спробы скажэння гістарычнай праўды».

Памочнік Пуціна ў сваім выступе канкрэтызаваў, што ў расійскіх вярхах цяпер бачыцца як «гістарычная праўда». 

«Праца па навязванні заходніх каштоўнасцяў», сказаў Мядзінскі, непазбежна прывядзе да таго, што расейцы захочуць добраахвотна «аддаць назад Курылы, Калінінград, Карэлію і Выбарг», папярэдзіў ён. Пад канец памочнік Пуціна даў хатняе заданне падумаць, «як так выйшла, што велікароскія землі апынуліся на тэрыторыі Украіны, Казахстана і нават Беларусі».

Высокапастаўленыя расійскія чыноўнікі не першы раз выказваюць прэтэнзіі на тэрыторыі, на якіх насельніцтва размаўляе па-руску.

У 2014 годзе Расія паспрабавала адарваць ад Украіны рускамоўныя поўдзень і ўсход, якія ў Расіі часам на самым высокім узроўні называюць «Наваросіяй», але расійскія сілы, акрамя Крыма, здолелі заняць толькі ўсход Данбаса, дзе былі ўтвораныя марыянеткавыя «Данецкая» і «Луганская» «народныя рэспублікі».

Казахстан пільна сочыць за сітуацыяй на поўначы краіны, дзе рускія складаюць вялікую долю насельніцтва. Менавіта гэтыя тэрыторыі маюць на ўвазе расійскія праімперскія дзеячы як «велікароскія».

Беларусь жа, якая перажыла ў апошнія паўстагоддзя імклівую русіфікацыю, разглядаецца некаторымі расійскімі сіламі як патэнцыйны аб'ект для далучэння цалкам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?