Наклад кнігі — 5000 асобнікаў

Аўтарамі гэтага выдання выступаюць «заходнерусісты» Леў Крыштаповіч і Андрэй Герашчанка. У мінулым гэта дзяржслужбоўцы, якія былі вымушаныя пакінуць працу праз свае радыкальна прарасійскія погляды.

Крыштаповіч у свой час быў намеснікам дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра, Герашчанка працаваў у адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска. Герашчанку ў сваіх прамовах негатыўна ўспаміналі нават Лукашэнка і Макей.

Кніга выдадзеная пры падтрымцы расійскага Фонда падтрымкі і абароны правоў суайчыннікаў, што пражываюць за мяжой. Крыштаповіч напісаў пра перыяд Другой сусветнай вайны, Герашчанка — вайны 1812 года. Вядома, кніга напісана цалкам з расійскіх пазіцый. Прывядзём пару цытат з гэтага выдання:

  • Можна сказаць, што прысуджэнне Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі па літаратуры — гэта своеасаблівая форма зайздрасці шведаў Расіі за Палтаву або, іншымі словамі, жаданне Нобелеўскага камітэта, каб беларусы былі такімі ж змрочнымі зайздроснікамі, як Алексіевіч.
  • Праціўнікі Расіі і «рускага свету» ў цяперашні час займаюцца агалцелай фальсіфікацыяй Вялікай Айчыннай вайны ў інтарэсах заходняй бюракратыі і алігархіі.
  • Беларусізацыя ў яе бэнээраўскім варыянце стала ўяўляць з сябе палітыку і ідэалогію антысаветызму і русафобіі, накіраваную на фальсіфікацыю беларускай гісторыі, адрыў яе ад агульнарускай гісторыі, проціпастаўленне брацкіх народаў — беларусаў і рускіх — і пад прыкрыццём шыльды аб так званым адраджэнні Беларусі імкненне ажыццявіць замену беларускай ментальнасці антысавецкай і антырасійскай свядомасцю ў інтарэсах разнастайных заходніх «Кайзераў», але, перш за ўсё, польска-шляхецкага экспансіянізму.
  • Абсалютна зразумела, што БНР ніякага дачынення да беларускай нацыянальнай самасвядомасці і да беларускай дзяржаўнасці не мае.
  • Кіраўніцтва БНФ імкнулася ўцягнуць беларускі народ у канфрантацыю з братэрскім рускім народам, высоўваючы дзікія тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Смаленск, Бранск, Невель, Себеж, Навазыбкаў, Дарагабуж і іншыя рускія землі аж да Вязьмы. Стваралася ўражанне, што іронія гісторыі выкінула на сваю сцэну зданяў сярэднявечнай дзікасці, якія ганарыліся сваёй разумовай і псіхалагічнай неўраўнаважанасцю, захапляліся сваёй злосцю да рускага народу, да ўсяго савецкага — карацей усім тым, што ў нармальнага чалавека выклікала пачуццё агіды і пагарды.

Няўжо вайсковае кіраўніцтва сапраўды вырашыла прапагандаваць такое ў сябе? У аддзеле ідэалогіі Вайсковай акадэміі «Нашай Ніве» адказалі, што пра факт раздачы кнігі «Свяшчэнная вайна» нічога не чулі. «Дакладна ўручалі дыпломы, а вось пра кнігі не ведаем. Не можам ні абвергнуць, ні пацвердзіць», — адказаў падпалкоўнік Янчук.

Сам аўтар выдання Андрэй Герашчанка сказаў «Нашай Ніве», што гэта магла быць прыватная ініцыятыва аднаго з выкладчыкаў, але ніяк не пазіцыя Акадэміі.

«Першы раз такое чую. Я быў бы толькі рады, але не. Мабыць, нехта ў прыватным парадку занёс і падарыў слухачам курса.

Ніхто дакладна не рэкамендаваў, — вы ж ведаеце, што да рускага спектру грамадства адносіны вельмі стрыманыя, — таму я моцна сумняюся, што такое магчыма. Гэтая кніга была выпушчаная выключна для раздачы, за грошы яна не прадаецца, таму магла трапіць камусьці ў рукі.

Я звяртаўся да ўладаў, але яны адказалі, што я магу ў прыватным парадку звяртацца да бібліятэк. Маўляў, калі возьмуць — тады возьмуць, калі не — то не. Цэнтралізаванага нічога няма».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?