Праект закона «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» ўнесены ў Палату прадстаўнікоў Саўмінам. У праекце ўпершыню заканадаўча замацоўваюцца азначэнні тэрмінаў «нацысцкія злачынцы», «памагатыя нацысцкіх злачынцаў», а таксама вызначаюцца суб'екты процідзеяння рэабілітацыі нацызму. Функцыю па каардынацыі дзейнасці суб'ектаў прапануецца ўскласці на органы ўнутраных спраў, піша БелТА.

Законапраект распрацаваны з улікам норм мадэльнага закона Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД «Аб недапушчальнасці дзеянняў па рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых».

«На жаль, мы бачым гэтыя працэсы ў сусветным маштабе, калі перапісваецца гісторыя, пераглядаюцца вынікі тых падзей, якім адназначная ацэнка была дадзена міжнародным трыбуналам, — сказала намесніца старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Лілія Ананіч. — На жаль, і ў нашай краіне атрымліваюць распаўсюджанне такія ідэі, спробы рэабілітацыі нацызму. Гэта праяўляецца ў павелічэнні разгляду спраў па адпаведных адміністрацыйных правапарушэннях. І мы павінны яшчэ раз уважліва паглядзець, бо наша краіна праводзіць дакладную, паслядоўную палітыку, у тым ліку і на міжнароднай арэне, аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму».

У праекце закона прапісана забарона на гераізацыю нацызму, яе фінансаванне, дзейнасць арганізацый, уключаючы замежныя, якія прапагандуюць гераізацыю нацызму, у тым ліку ў інтэрнэце.

«Упершыню заканадаўча замацоўваюцца азначэнні тэрмінаў «нацысцкія злачынцы», «памагатыя нацысцкіх злачынцаў». Нельга недаацэньваць гэтыя працэсы. Мы бачым, наколькі яны згубныя, на прыкладах іншых дзяржаў, калі іншыя героі, іншыя асобы пад любымі маркамі спрабуюць навязаць грамадству і апраўдаць злачыннае па сваёй сутнасці хаўрусніцтва з нацызмам», — адзначыла парламентарый.

Праектам закона ўстанаўліваюцца асноўныя напрамкі прафілактыкі рэабілітацыі нацызму.

У прыватнасці, уводзіцца абавязковы маніторынг выканання заканадаўства ў частцы недапушчэння рэабілітацыі нацызму, прадугледжаны меры процідзеяння рэабілітацыі нацызму, уключаючы вынясенне афіцыйнага папярэджання і прадпісання, прыпыненне, забарона дзейнасці, ліквідацыя экстрэмісцкай арганізацыі. Асобны артыкул прысвечаны процідзеянню рэабілітацыі нацызму пры ўвекавечанні памяці загінулых.