Пазычыць ёй грошы на развіццё бізнэсу і набыццё кватэры ўгаварыла сваіх знаёмых 30-гадовая жыхарка Ашмянаў. Гаворка ідзе пра суму амаль 90 тысяч даляраў, паведамляе «Мінск-Навіны».

30-гадовая жыхарка абласнога цэнтра са жніўня 2019 года па снежань 2020 года ўгаворвала сваіх знаёмых пазычаць ёй грошы нібыта на развіццё бізнэсу і набыццё кватэры. Усяго яна атрымала ад сваіх шчодрых крэдытораў 66 850 даляраў і 18 250 еўра.

Яна абяцала вярнуць доўг у найбліжэйшы час, ды яшчэ і з працэнтамі. Прынятыя на сябе абавязкі яна не выканала ў поўным аб'ёме. Бізнэс і кватэру, на якія нібыта брала пазыку, яна не набыла, а грошы выдаткавала на асабістыя патрэбы.

Устаноўлены больш за 10 пацярпелых. Усе яны добра ведалі падазраваную і давяралі ёй. Хацелася б адзначыць, што людзей, якія перадавалі грошы махлярцы, нашмат больш. Аднак ім доўг быў вернуты за кошт грошай, якія браліся ў наступных пацярпелых.

Распачатая крымінальная справа аб махлярстве ў асабліва буйным памеры.