Актывіст з Гродна Станіслаў Цыбінскі пакінуў краіну пасля збіцця ў пачатку сакавіка. Да гэтага яго пераследавалі на працягу года. У сярэдзіне сакавіка ён з’ехаў у Расію, дзе яму зрабілі дзве аперацыі, а ў канцы месяца ён пераехаў у Польшчу, піша Hrodna.life.

«Зрабілі аперацыю, выцягнулі 1 літр і 100 грамаў крыві знутры і выявілі тры зламаныя рэбры», — расказваў Станіслаў Hrodna.life 20 сакавіка. Ён размясціў на сваёй старонцы УКантакце дыягназ — закрытая траўма грудзей і левабаковы гідрапнеўматоракс (скопішча вадкасці і паветра або газу ў плеўральнай паражніне). Яго чакае месяц лячэння.

Станіслаў Цыбінскі — актывіст, валанцёр праваабарончай арганізацыі «ТаймАкт», якая займаецца абаронай правоў зняволеных і супрацоўнікаў крымінальна-выканаўчай сістэмы. Арганізаваў супольнасць «Рука дапамогі і падтрымкі».

Працаваў афіцыянтам. Кіраваў грамадска-інфармацыйнай пляцоўкай «Беларускі цэнтр падтрымкі». У 2017 годзе выйшаў на волю пасля 15 гадоў зняволення за забойства. З тых часоў дапамагае іншым асуджаным: купляе прадукты, сродкі гігіены, адзенне і тэлефоны, знаходзіць жыллё і ўладкоўвае на працу. Толькі за 2020 год дапамогу ад Станіслава атрымалі каля 70 чалавек, якія адбылі пакаранне. Таксама Станіслаў піша асуджаным дзясяткі лістоў на тыдзень і адпраўляе ім пасылкі. Фотасправаздачы актывіст пакідае ў суполцы УКантакце.

У сакавіку, калі на працы даведаліся аб турэмным мінулым Станіслава, яго звольнілі. Пазней яго збілі невядомыя. У лютым дома ў Цыбінскага прайшлі два ператрусы. Актывіст звязаў гэта з ператрусамі, якія праходзілі і ў іншых беларускіх праваабаронцаў.

Станіслаў працягвае дапамагаць былым вязням дыстанцыйна з дапамогай валанцёраў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?