Фота playlumi.com

«Разумныя» музычныя інструменты, такія як Lumi і Jamstik, з’явіліся ў продажы летась. Яны прапаноўваюць карыстальнікам навучанне з дапамогай мабільных дадаткаў. Увесь працэс адбываецца ў фармаце відэагульні з падлікам ачкоў. Асваенне музычнага інструмента становіцца цікавым як дзецям, так і дарослым.

Разумнае піяніна Lumi мае ўсяго 24 клавішы, у той час як у сапраўднага інструмента — 88. Аднак гэтага дастаткова, каб навучыцца асновам, піша The Wall Street Journal.

Каб пачаць практыкавацца, варта спампаваць мабільны дадатак Lumi. Там ёсць праграма для пачаткоўцаў, якая складаецца з 72 інтэрактыўных урокаў.

Калі ўрокі і песні прайграюцца ў дадатку, на экране з’яўляюцца каляровыя клавішы, якія адпавядаюць клавішам на інструменце. Клавішы на піяніна пачынаюць падсвечвацца тымі ж колерамі, каб падказаць карыстальніку, куды трэба ціснуць. Lumi пасля ацэньвае дакладнасць вашай ігры і ўзнагароджвае карыстальніка баламі.

Фота jamstik.com

Гітарны трэнажор Jamstik мае толькі сем ладоў. Чуйнікі на яго грыфе выяўляюць размяшчэнне пальцаў карыстальніка. Таму, калі дадатак паказвае акорды, трэнажор вызначае, ці правільна вы заціскаеце струны. Так паступова можна асвоіць базавыя акорды, атрымліваць за гэта ачкі і пераходзіць на новы ўзровень.

А калі гітарны трэнажор асвоены, то варта паспрабаваць свае сілы на сапраўднай гітары з узмацняльнікам Spark practice ад кампаніі Positive Grid. Гэты ўзмацняльнік прапаноўвае дзясяткі віртуальных эфектаў і акампанементаў на базе штучнага інтэлекту. З дапамогай дадатку можна стварыць нават віртуальны музычны гурт, які будзе граць разам з вамі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?