Алесь Пушкін зноў у турме.

30 сакавіка яго забралі з працоўнага месца ў Жылічах Кіраўскага раёна, дзе мастак працаваў над рэстаўрацыяй палаца Булгакаў, і адвезлі ў гродзенскую турму. Цяпер ён з’яўляецца падазраваным па крымінальнай справе па артыкуле 130 ч.3 «Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы». Па гэтым артыкуле яму можа пагражаць да дванаццаці гадоў зняволення.

Уся справа ў партрэце антысавецкага падпольшчыка Аўгена Жыхара, які ў пасляваенны час дзейнічаў на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Улады лічаць Жыхара памагатым нацыстаў, а карціну Пушкіна — рэабілітацыяй нацызму. Сам Пушкін гэта адмаўляе.

Калі была заведзеная крымінальная справа, то мастак быў у Кіеве, але вярнуўся, хаця і ведаў, што на радзіме яму можа пагражаць турма. У каментары «НН» ён сказаў, што гатовы да рэальнай барацьбы, а не віртуальнай. Гэта ўжо далёка не першы выпадак, калі супраць мастака заводзяць крымінальную справу.

Атрымаў імя ад памерлага брата

Мікалай і Ганна Пушкіны з дзецьмі Алесем і Святланай.

Пушкін нарадзіўся ў 1965 годзе ў мястэчку Бобр у Крупскім раёне. Бацька Мікалай працаваў электрыкам на Баброўскім лесапільным заводзе. Маці амаль нідзе не працавала, бо была інвалідам другой групы. У адным з інтэрв’ю Алесь згадваў, што ў часы вайны ягоны 17-гадовы бацька па заданні нацыстаў ахоўваў мост.

Па вайне Мікалай Пушкін паступіў у Мінскі фінансавы тэхнікум, але хутка прыйшла ананімка, што ён быў паліцаем. У выніку бацьку спачатку саслалі ў Чыту, а потым на Сахалін. У пачатку 1990-х Мікалая Іванавіча рэабілітавалі і нават заплацілі нейкія грошы, бо адмысловая камісія высветліла, што ні ў якіх забойствах і катаваннях людзей ён не ўдзельнічаў.

Пушкін ганарыцца, што мінімум пяць пакаленняў ягонага роду жыло і жыве ў Бабры, нікуды адтуль не з’язджаючы. Там жа жыве і ягоная старэйшая сястра Святлана. Дарэчы, у сям’і быў ужо адзін Аляксандр Пушкін, але пражыў усяго адзін год. Праз чатыры гады гэтым самым імем назвалі іншага сына.

Служба ў Афганістане

Падчас службы ў Афганістане (злева)

Маляваць Алесь пачаў гадоў з шасці. А калі яму было трынаццаць, у Бобр прыехалі рэкруцёры са школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка. Туды збіралі таленавітых дзяцей з усёй БССР. Бацька прыняў валявое рашэнне адправіць сына на вучобу ў Мінск. Установа гэта была закрытай, за межы выходзіць было амаль немагчыма. Там Алесь правучыўся восем гадоў.

Пасля чаго паступіў на вучобу ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Праўда, вучобу давялося перарваць службай у войску. Першыя паўгода Алесь прабыў у вучэбцы ў Камышыне, служыў там разам з Яраславам Раманчуком, а наступныя паўтара года адбыў у Афганістане, дзе служыў механікам у верталётным палку. Алесь згадваў, што нікога больш паслухмянага за беларусаў у войску не сустракаў.

Ён апавядаў, як начальнік гаўптвахты, прапаршчык Бельскі, прачытаў ягоны дзённік па-беларуску, пасля чаго даклаў кіраўніцтву. Той пакараў Пушкіна 10 суткамі гаўптвахты, Агулам за службу Алесь адседзеў на «губе» 28 сутак.

Адзін з першых палітвязняў

У Беларусі Алесь далучаецца да «Талакі», потым да БНФ. У 1988 годзе, перад славутай акцыяй на Дзяды, Пушкін клеіць улёткі з заклікам прыходзіць на мерапрыемства. У выніку яго затрымліваюць яшчэ да Дзядоў і даюць 5 сутак арышту, які ён адбывае ў ізалятары на Акрэсціна.

25 Сакавіка 1989 года Алесь Пушкін выходзіць на вуліцу з перакрэсленым сцягам БССР і плакатам, на якім напісана «Досыць сацыялістычнай, адродзім незалежную Беларусь». Так ён хацеў прайсці праз увесь сучасны праспект Незалежнасці да Дома ўрада, але яго завінцілі яшчэ ля Акадэміі навук.

Быў суд, які пастанавіў пакараць мастака 2 гадамі ўмоўна, а таксама пяццю гадамі паражэння ў правах. Пры гэтым Алеся нават не адлічылі з інстытута. На суд мастак прыйшоў у вышыванцы і на пытанні адказваў па-беларуску.

Алесь з сябрамі ля суда.

У той самы год мастака сталі бамбіць у дзяржаўнай прэсе, маўляў, што Пушкін марыць пра «Беларусь без жыдоў і камуністаў». Праз дзесяць гадоў Алесь скажа, што хоча Беларусь і з габрэямі, і з камуністамі, каб у краіне было месца ўсім.

Першая прыватная галерэя «Ў Пушкіна»

Па размеркаванні Алесь паехаў у Віцебск. Кажа, што сам абраў гэты горад праз ягоную гісторыю, звязаную з жывапісам — Шагал, Малевіч. Працаваў на мастацкім камбінаце, меў інтэрнат. Аднак гэтага Алесю было мала, у хуткім часе ён адкрывае першую на той момант у краіне прыватную мастацкую галерэю, якую сціпла называе «Ў Пушкіна». Менавіта там адбыўся з’езд беларускіх нацыяналістаў, які ініцыявалі Пушкін і Славамір Адамовіч. Мерапрыемства накрыла міліцыяй. Закрыць галерэю давялося ў 1997 годзе.

У Віцебску ў лістападзе 1994 года Алесь праводзіць адзін з самых яркіх перформансаў — басанож выходзіць па першым снезе на вуліцы горада, каб прайсціся тымі ж сцежкамі, што і ўніяцкі мітрапаліт Язафат Кунцэвіч. Потым Алесь сядзе ў човен без вёслаў, які будзе сплаўляцца па Дзвіне.

Дзве пазашлюбныя дачкі, двое дзяцей у шлюбе

У маладосці ў Алеся здарыўся раман з расійскай бізнэс-вумэн з Тамбова. Яму было 24, ёй — 39. У выніку нарадзілася дачка Ганна.

Калісьці Алесь шакаваў людзей заявай, што ніколі б не пабраўся шлюбам з жанчынай, якая не гаворыць па-беларуску.

Потым у віцебскі перыяд быў яшчэ адзін раман, у выніку якога нарадзілася дачка Даша. Пра яе існаванне мастак нават не ведаў доўгі час, і пазнаёміўся з дачкой, калі ёй ужо было 17 гадоў. Абедзве дачкі гавораць па-беларуску.

З жонкай Янінай. Фота Радыё «Свабода».

Шлюбам Пушкін пабраўся ў 1997 годзе. Яго абранніцай стала настаўніца з Стаўбцоўскага раёна Яніна Дэмух. Пазнаёміліся яны ў Магілёве, дзе Алесь працаваў над рэстаўрацыяй касцёла святога Станіслава. Варта помніць, што Пушкін жа не толькі эпатажны перформер, але і таленавіты рэстаўратар, аўтар многіх ікон.

Яніна — каталічка, Алесь — праваслаўны. У шлюбе ў іх нарадзіліся дзеці Міколка і Марыля. Першынца чакалі шэсць гадоў, за гэты час было два выкідышы. Бацькі адстаялі права, каб сын вучыўся ў школе па-беларуску.

Роспіс царквы ў Бабры

Адной з галоўных спраў жыцця Алесь называў роспіс царквы ў родным мястэчку Бобр. Гэты славуты сюжэт, дзе сярод грэшнікаў на страшным судзе быў адлюстраваны чалавек, падобны да кіраўніка краіны, таксама там былі намаляваныя людзі, падобныя да высокіх праваслаўных іерархаў. Тую працу Алеся давялося замаляваць, але ўсё адно царква была распісана ім. Па нядзелях Пушкін быў званаром у царкве. У 2011 годзе царква ў Бабры згарэла цалкам, давялося аднаўляць з нуля.

Гной для Лукашэнкі

Але самы яркі перформанс Пушкіна — гэта, безумоўна, тачка з гноем, якую ў ліпені 1999 года ён прыкаціў да Адміністрацыі прэзідэнта. Чырвоная тачка, белыя пальчаткі. Алесь раскідаў гной, а наверх дэвальваваныя рублі і Канстытуцыю. І ўсё гэта пракалоў віламі. Яго схапілі міліцыянты, у пастарунку ён не называў сваё імя, а называўся «чалавекам з народу». У выніку яго адпусцілі пад падпіску, а праз нейкі час асудзілі за хуліганства зноў на тыя самыя два гады ўмоўна.

Цікава, што ў 2015 годзе мастак прызнаваўся, што хацеў бы ў 2020 годзе прывезці да Адміністрацыі тачку з ружамі, калі Беларусь застанецца незалежнай дзяржавай, але ўсё атрымалася троху не так.

Яшчэ адна крымінальная справа на Пушкіна магла была быць заведзеная пасля фэсту «Аршанская бітва» ў верасні 2007 года. Мастака разам з маладафронтаўцамі даставілі ў аршанскі пастарунак, і калі праваахоўнікі адвярнуліся, Пушкін сцягнуў дзяржаўны сцяг і скінуў яго з другога паверху. Мастака хацелі судзіць за «дробны крадзеж», сам на судзе прасіў не ганьбіць яго такімі фармулёўкамі і завесці паўнавартасную крымінальную справу. Але ўсё скончылася 10 суткамі арышту.

І гэта далёка не ўсе прыгоды, якія здараліся з мастаком. Яго арыштоўвалі за тое, што ў тэлефоннай размове кепска адгукаўся пра старшыню КДБ Сцяпана Сухарэнку, білі за беларускую мову, хацелі прыцягнуць да адказнасці за выбух, які адбыўся на сядзібе Алеся ў Купалле-2013, калі гаспадар варыў крупнік. Пэўна, такія гісторыі можна расказваць днямі.

Алесь дэманструе сінякі па выхадзе з Акрэсціна. Фота Радыё «Свабода».

У 2020 Пушкіна збівалі падчас выбарчых падзей, ён таксама пераўтварыў гэта ў перформанс, калі дэманстраваў сінякі на жываце, спіне, дупе. Мастак адседзеў трое сутак на Акрэсціна. Ён удзельнічаў амаль ва ўсіх нядзельных шэсцях і не толькі, несучы з сабой ікону.

Цяпер Пушкіна чакае новае выпрабаванне. 2 красавіка стане зразумела, ці адпусцяць яго пасля трох сутак арышту, як менеджара культуры Паўла Мажэйку, ці працягнуць знаходжанне пад вартай.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?