У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва дзяржабвінаваўца запрасіў 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму для блогераў з Брэста Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава. Пра гэта «Медиазоне» паведаміла адвакат Пятрухіна Ірына Точкар.

Паводле версіі следства, Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін атрымлівалі грошы ад Сяргея Ціханоўскага і знаходзіліся ў змове з ім. У абвінавачванні ўказана, што абвінавачаныя «стварылі і адміністравалі сістэму распаўсюджвання інфармацыі, якая ўтрымоўвала лжывую ацэнку нелегітымнасці прадстаўнікоў улады».

Па версіі абвінавачвання, берасцейцы стварылі ютуб- і тэлеграм-каналы, у тым ліку каналы «Краіна для жыцця» і «Народны рэпарцёр». У іх блогеры публікавалі матэрыялы, якія змяшчаюць заклікі груба парушаць грамадскі парадак.

Акрамя гэтага, блогерам інкрымінуюць абразу супрацоўніка магілёўскага АМАПа Віталя Аўтушэнкі.

Трэці эпізод, па якім абвінавачваюць толькі Сяргея Пятрухіна, звязаны з падзеямі 2018 года. Як сцвярджае абвінавачванне, у адзін з дзён з 13 па 19 чэрвеня таго года блогер апублікаваў на старонцы «УКантакце» відэа «Судны дзень, або «бенефіс» Лешчанкі». У каментары да запісу ўтрымлівалася абраза суддзі.

Суд над блогерамі пачаўся ў Магілёве 11 лютага. Тады іх выдалілі з працэсу, справа разглядаецца без іх прысутнасці. 11 сакавіка стала вядома, што Сяргея Пятрухіна змясцілі ў карцар пасля таго, як ён парэзаў сабе вены.