Ужо ў РУУСе прапагандыстка з «СБ» Людміла Гладкая запісала размову з затрыманай.

Яе завуць Марыя Ціханава, ёй 23 гады, яна родам з Магілёва. Дзяўчына навучаецца ў маскоўскім Інстытуце сучаснага мастацтва па спецыяльнасці «Рэжысура кіно і тэлебачання» і ў Мінску здымае курсавую працу, прысвечаную жанчынам у сучасных рэаліях. Цэнтральнай асобай сваёй работы Марыя абрала Ніну Багінскую. 

Гладкая задала Ціханавай каля 10 пытанняў, і гэта былі пытанні, уласцівыя міліцэйскаму допыту: нешта з наездам, нешта з жаданнем падлавіць паддопытнага.

  • Што вы робіце ў Мінску? 
  • Чаму ў Мінску?
  • У Маскве няма сучасных жанчын?
  • Каго вы там здымаеце?
  • Чаму менавіта Багінская?
  • Ну яна ж не вельмі сучасная жанчына?
  • А як вы апынуліся побач з ёй у гэты час?
  • Чаму менавіта ў гэтым пункце?
  • Дзе вы чытаеце навіны?
  • Якія тэлеграм-каналы?

Адзінаццатым пытаннем стала тое, чаму Ціханава размаўляла з гераіняй па-беларуску.

«На відэа, — шчыра кажучы, мы яго трошкі паглядзелі, — там чуваць, што гаворыце на беларускай мове…» — здзівілася Гладкая.

«Так, канечне, бо я з Беларусі, з Магілёва, раней вучылася ў Мінску і беларуская мова мая родная», — шчыра адказала Марыя Ціханава. 

26 сакавіка суддзя Цэнтральнага суда горада Мінска Дзмітрый Карсюк арыштаваў студэнтку з Масквы на 15 сутак. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?