Пасля пераможнай шайбы піцерцаў заўзятары на «Мінск-Арэне» зладзілі абструкцыю арбітрам матчу, якія пакінулі мінчукоў утрох супраць пяцёркі СКА. Пасля чаго на лёд і на лаўку СКА паляцелі бутэлькі, удакладняе Tribuna.com.

У рэпартажы АНТ казалася наступнае:

«Гучным скандалам завяршыўся трэці матч плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі паміж мінскім «Дынама» і СКА з Санкт-Пецярбурга. Лёс напружанай сустрэчы вырашыла не майстэрства хакеістаў і тактычныя рашэнні трэнераў — на дапамогу расійскай камандзе прыйшлі суддзі.

Спрэчныя выдаленні былі і ў першых матчах супернікаў — СКА павёў у серыі 2:0. «Дынама» не здавалася і пры падтрымцы амаль 12 тысяч гледачоў — гэта рэкорд сезона ў КХЛ — было блізка да першай перамогі. Саступаючы ў ліку, наш клуб перавёў матч у авертайм — 3:3. У дадатковы час суддзі не заўважылі парушэнне на Шэйне Прынсе, а затым, літаральна адразу ж, двойчы выдалілі гульцоў «Дынама». СКА такім падарункам скарыстаўся — 4:3. Эмоцый пасля гульні не стрымлівалі ні заўзятары, ні трэнеры «Дынама». Прадузятасць да народнай каманды проста не вытрымлівае ніякай крытыкі.

Судзейскія памылкі ў серыі «Дынама» — СКА прызнаюць усе эксперты, у тым ліку і расійскія. Такога адкрытага «сплаву» не заслужылі ні гульцы, ні заўзятары. Тое, што адбылося, нагадвае хамства і перайшло ўсе межы. Але беларускі клуб не здаецца, па гульні мінчане ні ў чым не саступаюць суперніку. Наступны матч серыі каманды правядуць на «Мінск-Арэне» ў панядзелак, пачатак у 17:10. Будзем заўзець за сапраўдны хакей», — гаворыцца ў паведамленні АНТ.

Таксама і ў праектах на «Беларусь 1» выйшлі сюжэты з крытыкай на адрас суддзяў і СКА.