Праверка праводзілася па даручэнні пракуратуры з нагоды таго, што ў пенсіянера бел-чырвона-белы плот. Ад верасня на ўласным падворку Міхаіла Русака быў размешчаны бел-чырвона-белы сцяг. Яго скралі невядомыя, піша «Радыё Свабода».

Пенсіянер купіў і паставіў новыя сцягі, іх прыехалі здымаць каля дваццаці чалавек — прадстаўнікі міліцыі, сельсавета, камунальнікі. Яны зайшлі на прыватную тэрыторыю, нягледзячы на забарону гаспадара, і знялі бел-чырвона-белыя сцягі. Пасля Міхаіла Русака аштрафавалі на 405 рублёў.

Паводле пратакола, Міхаіл Русак парушыў заканадаўства тым, што «не зрабіў належных захадаў для падтрымання ў належным стане знадворнага выгляду жылога дому ды іншых збудаванняў, а менавіта размясціў на даху збудавання і фасадзе жылога дома незарэгістраваную сімволіку (бел-чырвона-белыя сцягі)».

«Для мяне бел-чырвона-белы сцяг — гэта сімвал Хрыста, чысціні і пралітай Хрыстом крыві за нас», — казаў Міхаіл Русак. І пасля гэтага выпадку пенсіянер МУС пафарбаваў свой плот і гараж у «палітычныя колеры».

«Зноў да мяне прыходзілі тыя ж невядомыя, што і першы раз, відаць, міліцыянты. Патрабавалі зафарбаваць плот. Я пытаўся ў іх дазволу — у які колер мне фарбаваць і абавязкова каб прадставілі нарматыўны акт, на які яны спасылаюцца. Я казаў, што трыццаць гадоў працаваў у міліцыі і змагаўся з пярэваратнямі ў пагонах, яшчэ пры бандзе Марозава. Рабіў гэта ў тым ліку і дзеля іх і іх дзяцей, каб яны жылі ў шчаслівай краіне, а не служылі аднаму толькі чалавеку», — сказаў Русак.

«Калі мяне раней яшчэ віншавалі з Днём міліцыі як пенсіянера — я ім назад тую паштоўку аддаў і напісаў, што я да такой міліцыі не маю ніякага дачынення, такой, якая служыць злачыннаму рэжыму. І ўсё — больш паштовак не дасылалі», — пракаментаваў Русак.