Фота Надзеі Бужан

Рытэйлеры пацвярджаюць: кветкі сапраўды падаражэлі на 20-30%. Справа ў курсе валют, які ўтварыўся падчас пандэміі, дэфіцыце замежнай прадукцыі і затрымках фур на мяжы з Беларуссю ў перыяд пікавага попыту. Пра апошнюю праблему крычаць беларускія кветкаводы (дакладней, кветкавозы), але катэгарычна адмаўляе расійская мытня.

У канцы лютага імпарцёры паскардзіліся, што расійская мытня на доўгі час затрымлівае фуры з кветкамі на мяжы з Беларуссю, што ў выпадку з прадуктам, які хутка псуецца, прыводзіць да страт і можа выклікаць дэфіцыт.

Федэральная мытная служба не прызнала затрымак пры афармленні кветак і заявіла аб рэкордных аб'ёмах партый, якія паступаюць.

«Інфармацыя аб затрымках, якія нібыта маюць месца ў мытным афармленні кветкавай прадукцыі, і, як следства, магчымым дэфіцыце кветак, якая распаўсюджваецца шэрагам СМІ, не адпавядае рэчаіснасці, — сказана ў апублікаваным 21 лютага паведамленні ФМС Расіі. — Добрасумленныя імпарцёры кветкавай прадукцыі цяжкасцяў на расійскім рынку ў цяперашні момант не адчуваюць. Неправераная інфармацыя ў шэрагу СМІ магла быць ініцыяваная напярэдадні свята 8 Сакавіка інтарасантамі «шэрых схем» па ўвозе кветак».

Расійская мытня палічыла, што з 15 лютага да 3 сакавіка на мяжы аформілі блізу 9,15 тысячы тон зрэзаных кветак і бутонаў, што ўдвая больш, чым за той жа перыяд 2020 года, і ў 1,7 раза больш, чым у 2019 годзе.

За той жа час праз пункт пропуску «Бурачкі» ў Пскоўскай вобласці прайшло ў тры разы больш машын з кветкамі, чым годам раней. З іх на месцы задэкларавалі толькі малую частку, астатняя прадукцыя накіравалася ў бок Масквы.

Аднак уладальнікі кветкавых крам апісваюць карціну зусім інакш. Як распавяла генеральны дырэктар кампаніі «Маоры рус» Ганна Мельнічук, затрымліваць грузы для працяглага надгляду пачалі яшчэ перад 14 лютага, у самы сезон. Так, у яе кампаніі на мяжы захраслі 11 фур, з якіх на момант размовы з «Фантанкай» выпусцілі ўсяго адну, і тое праз два тыдні.

«Кветкі ў гэтай машыне непрыдатныя для рэалізацыі. Нашы кліенты адмаўляюцца ад тавару. Адпаведна, кветкі цяпер толькі пад утылізацыю», — сказала Мельнічук. Яна сцвярджае, што па выніках надгляду ніякага дакумента прадстаўнікі кампаніі не атрымалі, а прычыны такой увагі да іх прадукцыі мытнікі не раскрылі. Пагутарыўшы з партнёрамі і канкурэнтамі, прадпрымальніца зрабіла выснову, што гэта праблема масавая. Разам з грузавікамі «Маоры рус» яна знайшла сведчанні аб затрымцы яшчэ 60-70 машын з кветкамі.

«Мы да гэтага часу не ўбачылі свае кветкі на 14 лютага. У фуры, якую мы чакалі, было прадукцыі на мільён рублёў (прыкладна $13 450)», — пацвердзіла «Фантанцы» ўладальніца іншай кампаніі «Мільён кветак» Ірына Нурулаева. Паводле яе слоў, на 8 Сакавіка ёй давялося перакупляць кветкі ў тых, каму ўсё ж такі ўдалося іх прывезці.

Паводле ацэнкі Мельнічук, кошт адной фуры ў сярэднім складае 20 тысяч даляраў, плюс транспартныя выдаткі — яшчэ 1 тысяча еўра, плюс трэба заплаціць на мяжы 20% ПДВ. Нават без уліку падатку атрымліваецца, што 11 яе затрыманых фур з пратэрмінаваным таварам каштавалі кампаніі больш за 200 тысяч даляраў страт. А зараз прыйдзецца выдаткаваць сродкі яшчэ і на ўтылізацыю.

Кіраўніца «Маоры рус» лічыць, што на рынку перад 8 Сакавіка можа паўстаць цалкам рэальны дэфіцыт, паколькі заказчыкі альбо не атрымаюць тавар, альбо пераарыентуюцца на больш дарагія аналагі.

«Галандскі цюльпан, які мы завозім, каштуе каля 20 рублёў (0.70 BYN). Мясцовы расійскі цюльпан толькі ў закупцы каштуе каля 80 рублёў (2.80 BYN). Тыя, хто цяпер спрабуе хутка пераарыентавацца, могуць дзесьці яшчэ знайсці кветкі, але іх цэннік будзе нашмат вышэй», — тлумачыць яна. Калі кветкі пройдуць праз усе звёны дыстрыбуцыі, яго раздробны кошт можа вырасці на 30-50%, апісвае арыфметыку гэтага бізнэсу прадпрымальніца.

Паводле ацэнкі апытаных «Фантанкай» рытэйлераў кветкі на прылаўках у сярэднім ужо падаражэлі на 20-30% у параўнанні з мінулым годам, прычым некаторыя пазіцыі — на 10%, іншыя — на 50%. Традыцыйны святочны рост коштаў да 8 Сакавіка сёлета надзьмуўся да такіх маштабаў, у тым ліку з-за сітуацыі на мяжы з Беларуссю, якую рытэйлеры называюць беспрэцэдэнтнай.

«Усё праз тое, што транспарт падаражэў: на мяжы спынілі дзясяткі фур з дакументамі і не выпускалі іх. Аўтаматычна спынілася адгрузка ў Галандыі. Яны ўвесь лагістычны ланцужок нахілілі. Затрымак цяпер няма, але транспарт будзе свае страты кампенсаваць», — адзначае заснавальнік «Ленцветторг Нэкст» і «Ленцветторг Вінтаж» Андрэй Дабралюбаў.

Сярод іншых прычын росту коштаў гульцы рынку адзначаюць паслабленне рубля і рост коштаў на сусветным рынку. У пандэмію вытворцы істотна скарацілі вытворчасць і не паспелі яе нарасціць, таму, сутыкнуўшыся з велізарным попытам, моцна паднялі цану.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?