Фота Надзеі Бужан

Некаторыя эксперты перакананыя, што вакцынаваным людзям трэба даваць больш свабоды, каб тым самым завабіць яшчэ больш людзей атрымаць вакцыну.

Аднак па меркаванні іншых экспертаў, нельга адмаўляцца ад мер засцярогі пасля вакцынацыі, бо невядома, як вакцыны пакажуць сябе ў рэальнасці. 

Большасць навукоўцаў згаджаюцца з тым, што пакуль насельніцтва не наблізіцца да калектыўнага імунітэту (калі значная колькасць людзей ужо перахварэлі або атрымалі вакцыну, што перашкаджае распаўсюду віруса), нашэнне масак, сацыяльная дыстанцыя і забарона шматлюдных мерапрыемстваў у закрытых памяшканнях мусяць заставацца стандартнай практыкай у грамадскіх месцах, піша The Wall Street Journal.

Вось некаторыя рэкамендацыі ад навукоўцаў для тых, хто ўжо атрымаў вакцыну.

Ці можна вакцынаваным сустракацца з іншымі людзьмі, якія таксама атрымалі прышчэпку?

З навуковага пункту гледжання, калі абодва атрымалі вакцыну, то іх сустрэчы цалкам бяспечныя. Таму эксперты сцвярджаюць, што пасля поўнай вакцынацыі людзі могуць сустракацца адно з адным без масак і захоўвання дыстанцыі нават у закрытых памяшканнях.

Аднак чым большая група людзей, тым больш павялічваецца рызыка, што некаторыя яшчэ не атрымалі прышчэпку. Таму ў шматлюдных месцах усё роўна неабходна захоўваць меры засцярогі. Тым не менш, эксперты адзначаюць, што ў грамадскіх месцах прышчэпленыя людзі могуць адчуваць сябе больш камфортна.

Што рабіць, калі дарослыя атрымалі прышчэпку, а дзеці не?

На сёння не існуе ніводнай вакцыны, якая б была дазволена дзецям да 16 гадоў. Гэта адна з тых праблем, з якой сутыкнуцца сем’і ў найбліжэйшы час.

Існуе значная розніца паміж дзецьмі і падлеткамі з пункту гледжання перадачы віруса. Падлеткі заражаюцца і хварэюць так жа, як і маладыя дарослыя, а дзеці малога ўзросту, у сваю чаргу, пераносяць інфекцыю бессімптомна ў большасці выпадкаў.

Таму дактары сцвярджаюць, што ў такім выпадку мае месца індывідуальны падыход да кожнай сям’і. Людзі з паслабленым імунітэтам і іх сем’і павінны быць больш асцярожныя, бо вакцыны для іх могуць мець меншую эфектыўнасць.

Ці могуць вакцынаваныя людзі распаўсюджваць вірус сярод невакцынаваных?

Нядаўнія даследаванні паказалі, што вакцынацыя зніжае верагоднасць бессімптомнай інфекцыі на 80% у параўнанні з непрышчэпленымі людзьмі. Аднак гэта толькі папярэднія звесткі, на якія эксперты не раяць абапірацца.

Да таго ж, новыя штамы каранавіруса выклікаюць дадатковыя пытанні наконт эфектыўнасці вакцын.

Менавіта таму навукоўцы рэкамендуюць захоўваць меры засцярогі нават пасля вакцынацыі.

Што наконт падарожжаў?

Як толькі вам зробяць прышчэпку, падарожжа для вас будзе больш бяспечным. Аднак трэба быць пільным з тымі, хто яшчэ не атрымаў вакцыну, а таксама варта пазбягаць тых краін і раёнаў, дзе захоўваецца высокая колькасць выпадкаў заражэння.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?