З сакавіка Алену пазбавілі ліцэнзіі. Фармальна — праз недастатковую кваліфікацыю.

«У мяне была пазачарговая атэстацыя па выніках праверкі Мінскай абласной калегіі адвакатаў, якую праводзіў Мінюст. Праверка рабілася прыцэльна па некалькіх адвакатах. Быў знойдзены шэраг бюракратычных заўваг, звязаных з дакументаабаротам, нічога сур’ёзнага.

Учора быў першы паток на пазачарговую атэстацыю, 7 адвакатаў. Траіх пазбавілі ліцэнзіі, траім — пакінулі з адтэрміноўкай на тры месяцы і аднаму пакінулі ліцэнзію. Усе адвакаты, якіх учора выклікалі, падпісвалі хаця б адну петыцыю», — распавяла Алена.

У яе пыталі, ці свядома яна падпісвала ліст супраць гвалту (спасылка на петыцыю адлюстравалася на яе старонцы ў сацыяльных сетках). А на атэстацыі патрабавалі даслоўнага цытавання норм, прычым большасць пытанняў тычылася крымінальнага права, якім адвакатка амаль не займаецца.

Калегія прагаласавала адзінагалосна — ліцэнзіі пазбавіць.

«Гэта адзінае, што мяне сапраўды засмуціла. Я спадзявалася, што хаця б мая калегія, прадстаўнікі якой таксама былі ў камісіі, не пабаіцца прагаласаваць супраць», — прызнаецца адвакатка.

Цяпер яна шукае працу і гатова разглядаць розныя прапановы.

«Калі ў каго ёсць прапановы, куды я магу сябе прыстроіць (часткова або цалкам), я адкрыта да прапаноў. Нагадваю, што спецыялізуюся на працы з юрыдычнымі асобамі (дэбіторка, карпаратыўная, дагаворная праца і іншае). Досвед працы з 2009 года ў гэтай галіне. Усіх люблю! Жыве Беларусь!!!» — напісала ў фэйсбуку Алена Шынкарэвіч.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?