— Якая была стратэгічная мэта Лукашэнкі падчас сустрэчы з Пуціным у Сочы? Ці дабіўся ён яе?

— Галоўнай ягонай мэтай было і ёсьць заставацца кіраўніком Беларусі. А для гэтага трэба, каб, акрамя яго самога, яшчэ нехта так лічыў. Вось Расея так лічыць, Пуцін так лічыць і прымае яго як прэзыдэнта Беларусі.

Каб гэта працягвалася, Лукашэнку трэба прапаноўваць нейкія тэмы для перамоваў, нейкія палітычныя працэсы. Таму на сустрэчы ў верасьні ён прапаноўваў «канстытуцыйную рэформу». Але зараз актуальнасьць гэтай тэмы для Расеі зьнікла, бо беларускія пратэсты ўжо перакінуліся на Расею, і ўжо позна рабіць нейкія захады, каб гэтых пратэстаў у Расеі не было. А Лукашэнка лічыць, што пратэсты здушыў, і таму ніякая рэальная рэформа ўлады ў краіне цяпер не патрэбная.

Таму Лукашэнка вымушаны ў размове з Пуціным мяняць тэму і прапаноўваць нейкія іншыя працэсы. Напрыклад, «паглыбленьне інтэграцыі» — тэма, якую ён цудоўна выкарыстоўваў шмат гадоў.

— Менавіта таму Лукашэнка ў размове з Пуціным загаварыў сам пра «дарожныя мапы», чамусьці заявіўшы, што іх ужо 33 (раней было 30). Тым самым ён падыгрывае Пуціну, падымаючы гэтую тэму.

— Так, гэта працэс, якія дазваляе Лукашэнку весьці дыялёг з прэзыдэнтам Расеі, нешта абмяркоўваць, прапаноўваць, гаварыць пра эканоміку, падаткі, іншае. Ён любіць гаварыць пра сумеснае процістаяньне Захаду, прапануе мацаваць вайсковы саюз, што я знаходжу вельмі небясьпечным.

— Ці няма ў гэтай гульні пэўнай небясьпекі для самога Лукашэнкі, у сэнсе інтэграцыі? Маўляў, Крэмль паслухае, што Лукашэнка кажа пра інтэграцыю, і, улічваючы цяперашняе ўразьлівае становішча Лукашэнкі, скажа сабе — «дык давайце нарэшце яго дацісьнем». Зможа што-небудзь Крэмль рэальна зрабіць?

— Не. У Крамлі як дзеці — перакананыя, што ім дастаткова Лукашэнку нешта сказаць, і ён пабяжыць выконваць. Нібыта не было досьведу ўсіх 25 гадоў. Гэта так не працуе. Расея не гатовая падмацоўваць свае жаданьні і патрабаваньні нейкімі рэальнымі інструмэнтамі, акрамя звыклых — то бок акрамя дыялёгу з самім Лукашэнкам.

— З гэтага гледзішча — у жніўні-верасьні Расея відавочна падтрымала Лукашэнку. Але многія аналітыкі кажуць, што гэта было толькі сытуатыўна, а на самой справе Крэмль даўно хоча замяніць Лукашэнку. Якое ж стратэгічнае стаўленьне Расеі да гэтай асобы і пэрспэктывы яго замены?

— Стратэгічная задача Расеі відавочная — захоўваць уплыў на Беларусь і каб Беларусь пры любым яе кіраўніцтве трымалася стратэгічных інтарэсаў Расеі. Таму Масква хацела б, каб беларуская палітычная і эканамічная сыстэма больш нагадвала расейскую, то бок мела б больш «пунктаў уваходу», як сказаў калісьці Арцём Шрайбман. Каб у Беларусі мелі значэньне грошы, каб былі партыі, іншымі словамі — больш шырокае кола суразмоўцаў, а ня толькі Лукашэнка. Каб былі нейкія органы і структуры, зь якімі б мела сэнс дамаўляцца, — бо цяпер Лукашэнка ў любы момант можа абнуліць любую дамову.

Гэтаксама няма ніякага сэнсу зараз купляць нейкія беларускія прадпрыемствы, бо ў любы момант дзяржава можа іх забраць.

— Але сама ўлада, дый яе апанэнты, нярэдка палохаюць людзей тым, што вось Расея хоча забраць, прыватызаваць нашы прадпрыемствы, наша нацыянальнае багацьце. Вы лічыце гэта ілюзіяй?

— Ня ведаю, заўсёды можа знайсьціся нейкі ідыёт. Ідыёт у бізнэсе — гэта не такая ўжо і рэдкасьць. Чалавек, які чамусьці падумае, што ён акажацца не такім, як іншыя, а больш пасьпяховым. Як толькі гэтыя прадпрыемствы пачнуць нешта зарабляць, Лукашэнка іх забярэ.

— На верасьнёўскай сустрэчы з Пуціным Лукашэнка, як было прынята лічыць, даў даволі канкрэтныя абяцаньні пра транзыт улады, які адбудзецца ўжо ў 2021 годзе, пра тое, што сам ён адыдзе ад улады. Але далейшыя падзеі паказалі, што ён зусім не зьбіраецца выконваць гэтыя абяцаньні. Як да гэтага можа ставіцца Пуцін, ці павінна яго гэта непакоіць?

— Як я ўжо казала, актуальнасьць канстытуцыйнай рэформы цяпер ужо не настолькі важная, тэрміновасьць гэтага працэсу ўжо адпала, бо пратэсты ўжо ў Расеі. Таму сьпяшацца тут Лукашэнку ўжо няма ніякага рэзону. Крэмль, вядома, будзе настойваць на канстытуцыйнай рэформе, але калі ён будзе гэта рабіць тымі ж наіўнымі мэтадамі, як дагэтуль, то ніякага посьпеху тут ня будзе.

— Лукашэнка, асабліва апошнія месяцы, любіў гаварыць «мы ў адной лодцы», маючы на ўвазе сябе і Пуціна. Ці згулялі гэтыя словы, ці стаў Пуцін з Лукашэнкам «сьпіна ў сьпіну»?

— Расея зараз уся таксама паглыбілася ў антызаходнюю рыторыку, пратэсты з прычыны палітыкі ўладаў таксама трактуюцца як замежная агрэсія. Таму збліжэньне на глебе антызаходняга патасу відавочнае.

— Ці дасьць Масква яшчэ грошы?

— Вядома, дасьць. Мы ж павінны Расеі значна больш, чым яна дае апошнім часам. Таму яна будзе даваць хаця б для таго, каб Беларусь магла рэструктурызаваць свае даўгі перад Расеяй.

Трэба зазначыць, што хаця б у гэтым пытаньні — фінансавым — расейцы ўдасканальваюцца і пераймаюць досьвед кітайскіх таварышаў. Імкнуцца не аказваць прамой фінансавай падтрымкі, а даваць зьвязаныя крэдыты. Як з АЭС. Далі крэдыт, Беларусь пабудавала АЭС і цяпер сама павінна думаць, куды падзець гэтую энэргію, якую Расея не зьбіраецца купляць.

На сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам было сказана, што, нягледзячы на ўвод АЭС, Беларусь будзе купляць па-ранейшаму больш за 20 мільярдаў кубамэтраў расейскага газу ў год. Але ж АЭС будавалася нібыта дзеля таго, каб купляць менш расейскага газу. І каб захаваць Беларусь як галоўнага пакупніка, Расея гатовая выдаць крэдыт на будаўніцтва гэтага «Гродна Азот 2», каб беларусы працягвалі купляць расейскі газ і пры гэтым працягвалі плаціць працэнты за крэдыты.

— У палітычнай сфэры, як вы адзначылі, Расея застаецца прыхільная да старых схемаў, дыялёгу толькі з самім Лукашэнкам. Чаму яны не разглядаюць магчымасьць дыялёгу зь ягонымі апанэнтамі, якія на сёньня прадстаўляюць большасьць беларускага грамадзтва? Чаму яны гэтага ня робяць? Гэта такая закасьцянеласьць мысьленьня — ці проста ня бачаць у гэтым неабходнасьці?

— Гэта наіўнасьць, вера ў вялікасьць Крамля. Вера ў тое, што Пуцін, які такі важны для саміх расейцаў, гэтаксама важны і для Лукашэнкі, што калі Пуцін сказаў, «нахмурыўшы бровы», то нехта пабяжыць і будзе адразу выконваць. Крэмль пераацэньвае свае магчымасьці ў Беларусі, у інфармацыйнай прасторы.

Калі б Масква працавала і з апанэнтамі, і з намэнклятурай, кіроўным клясам Беларусі — то, вядома, гэта было б значна больш эфэктыўна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?