Фактычна нейкіх афіцыйных вынікаў ні з расійскага, ні з беларускага боку не было. Таму аналітыкам і журналістам застаецца толькі гадаць. Паглядзелі, што пісалі на гэтую тэму ў Расіі.

«Нязыгар»

«Эксперты кажуць, што ў Беларусі можа быць абраны «ельцынскі сцэнар» транзіту ўлады. Новы прэм'ер з вялікай верагоднасцю і зменіць Лукашэнку.

Адразу некалькі крыніц у дзвюх дэлегацыях сказалі, што перамовы ў Сочы былі няпростымі і Масква гранічна жорстка выказала сваю незадаволенасць тактыкай Мінска.

«Галоўнае — праблема не вырашана, пытанні адкладзеныя. Хоць Мінск сцвярджае, што ўсё пад кантролем — гэта далёка не так. Праблемы нарастаюць, эканамічны крызіс у наяўнасці, канфлікт з грамадствам не вырашаны, стратэгія рэпрэсій павялічвае рызыкі на фоне актывізацыі Захаду».

Лукашэнка ў Сочы папрасіў яшчэ паўгода для завяршэння «транзіту ўлады». Масква выступіць гарантам захавання дамоўленасцей падчас «транзіту».

Не выключана, што прэм'ер Галоўчанка, кіраўнікі КДБ, МУС і МЗС да 15 сакавіка будуць адпраўленыя ў адстаўку. «Канфлікт унутры атачэння Лукашэнкі ўзмацняе крызіс. Каманды б'юцца адна з адной за будучыню і саслабляюць уладу. Яна падзялілася на мноства груп і груповак — і Лукашэнка ўжо наўрад ці іх усіх кантралюе».

Сам Лукашэнка да 1 мая правядзе сустрэчу з апазіцыяй, у тым ліку членамі КС, Латушкам і Ціханоўскай, перадае «Нязыгар». Усе абвінавачванні з іх будуць знятыя. Расследаванне справы па Белгазпрамбанку павінна быць закрытае. Да 15 красавіка Бабарыка і Калеснікава павінны быць вызваленыя.

Урад Беларусі да 1 красавіка падрыхтуе дакументы для продажу «Гродна Азот». Крэдыт $1,2 млрд на мадэрнізацыю. Да 15 красавіка пройдзе ўзгадненне ўмоў па продажах іншых актываў. Новыя расійскія крэдыты абяцаны толькі пад новага прэм'ера і запуск «транзіту».

«Палітрынг»

«Што ўжо вядома? Па-першае, крэдыту не далі. Зрэшты, Лукашэнка, выпраўляючыся ў Сочы, і сам казаў, што пазыку прасіць не збіраецца, але размовы пра крэдыт у 3-3,5 мільярда хадзілі вельмі ўпартыя. Затое Лукашэнка завёў размову аб развіцці беларускага хімпраму, які будзе спажываць расійскі газ, і, у прыватнасці, мадэрнізацыі «Гродна-Азота», вельмі цяжкай для беднай беларускай казны.

Пасля гэтага, зразумела, адразу пайшлі размовы аб продажы прамысловага гіганта «Газпрому», з'явіліся нават звесткі пра цэлы спіс беларускіх прамысловых гігантаў, прапанаваных на продаж. Вось толькі ці пагодзяцца флагманы расійскага бізнэсу ўкладваць мільярды ў канкурэнтаў на тэрыторыі палітычна нестабільнай дзяржавы, вядомай сваёй «шматвектарнасцю»?

«Бульба тронаў»

«Лукашэнка хоча велізарныя грошы за арэнду вайсковых аб'ектаў РФ. Генштабу РЛС не патрэбна, а плаціць за вузел сувязі дзяржапарат не хоча. Таму нават па вайсковых аб'ектах можа разгарэцца барацьба. Па дарожных картах усё вельмі дрэнна. Ну выратавалі Лукашэнку ўлетку, геніі, атрымайце. Ключавыя ён нават і блізка ўзгадняць не збіраецца, і цяпер узгоднена менш, чым раней.

Канстытуцыю Лукашэнка хоча пілаваць да восені, а ўвосень зноў кінуць. Яму кажуць, што ў яго няма магчымасці фізічна захаваць да восені. Нагадаю, што мінулай восенню яму сказалі, што ў яго няма магчымасці захаваць да Новага года. Таму ён ніколі і не будзе ўспрымаць сур'ёзна тых, хто не можа адказваць за свае ўльтыматумы. Зноў кіне і нічога яму не будзе.

Увогуле, перамовы — поўны правал для РФ. Таму і выпінаюць вакцыну. Хоць гэта наогул не нейкі інтэграцыйны прагрэс, а проста, каб беларускіх гастарбайтараў прышчапіць».

«Камерсант»

«Ад сустрэч Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі заўсёды нечага чакаюць — а дарма. Бо самі яны даўно, напрыклад, ужо нічога не чакаюць.

Увогуле, прэзідэнт Беларусі не разважаў як чалавек, які збіраецца наогул куды-небудзь і калі-небудзь сыходзіць са сваёй пасады. Планаў ён дэманстраваў мора:

— Мы аж 33, па-мойму, напрамкі пазначылі — памятаеце гэтыя «дарожныя карты», якія мы выпрацавалі?..

Аляксандр Лукашэнка адчуваў задавальненне ад гэтых успамінаў — вядома, ён жа атрымліваў пад іх чарговыя крэдыты».

«Украіна.ру»

«Галоўнае па сутнасці палітычнае пытанне: калі ў Беларусі будуць адбывацца рэальныя палітычныя змены. І ці магчымыя яны наогул. Як мінімум гэта можна будзе ўбачыць у 2022-м, а хутчэй за ўсё 2023-м годзе. Транзіт улады ў Мінску — пытанне часу. Таму што Пуціну трэба стабільны стан расійска-беларускіх адносін. Расія — асноўны эканамічны спонсар Беларусі. Масква мае права разлічваць на дывідэнды ад сваіх інвестыцый у выглядзе захавання стратэгічнага партнёрства Масквы і Мінска на працягу жыцця не толькі цяперашніх, але і наступных пакаленняў. Вось якая карціна адкрываецца за самітам у Сочы».

«Свабодная прэса»

«Тэарэтычна Лукашэнка павінен атрымаць крэдыт, але нельга сказаць, што Мінск без крэдыту не выжыве. Проста дзесьці ў чымсьці прыйдзецца сціснуцца і яшчэ больш падарваць грамадскі дагавор паміж Бацькам і насельніцтвам (стабільнасць у абмен на згоду на аўтарытарную ўладу)».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?