Традыцыйна ў гэты дзень адзначаецца Дзень Волі, праходзяць вулічныя акцыі пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Дзень Волі-2018. Фота Сяргея Гудзіліна

У сённяшніх умовах, калі многія палітыкі апынуліся за кратамі, а іншыя ў эміграцыі, ці будзе нехта падаваць заяўку на правядзенне Дня Волі? Аказваецца, праца ўжо вядзецца. Арганізацыі і людзі, зацікаўленыя ў святкаванні 25 Сакавіка, сустракаліся на мінулым тыдні.

«Цяпер ідзе абмеркаванне па фармаце і па магчымым удзеле. Справы рухаюцца цяжка, але не выключаю, што ўсё можа атрымацца», — сказаў «НН» лідар БСДП Ігар Барысаў.

У сваю чаргу Рыгор Кастусёў ад імя грамадскай арганізацыі БНФ «Адраджэнне» ўжо пачаў перамовы з уладамі для правядзення мерапрыемства. Справа ў тым, што, у адпаведнасці з новымі правіламі, перад тым як падаць заяву ў Мінгарвыканкам, трэба заключыць дамовы з хуткай дапамогай і камунальнымі службамі.

«З хуткай дамова ўжо існуе. Спадзяёмся, што хутка будуць і дзве астатнія», — кажа Рыгор Кастусёў.

Калі БНФ «Адраджэнне» справіцца з гэтым этапам, то тады ўжо і будзе разглядацца пытанне, хто яшчэ падпішацца пад заяўкай да Мінгарвыканкама.

Дзе ж пройдзе мерапрыемства? Рыгор Кастусёў кажа, што пакуль гаварыць пра гэта рана. З нашых крыніц стала вядома, што апазіцыя згодная на любую пляцоўку ў цэнтры Мінска з цвёрдым пакрыццём, бо перажывае, што да той пары яшчэ не сыдзе ўвесь снег і месца ператворыцца ў бруд.

У 2018 годзе, на стагоддзе БНР, святкаванне прайшло ля Опернага тэатра ў Мінску, у 2019 — часткова ў Гродне, а часткова ў Кіеўскім скверы ў Мінску, у 2020 годзе праз пандэмію каранавіруса Дзень Волі не адзначаўся вулічнымі акцыямі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?