Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

— Я павінна прызнаць, што мы страцілі вуліцы, у нас няма магчымасці змагацца з гвалтам рэжыму супраць пратэстоўцаў — у іх ёсць зброя, у іх ёсць сіла, так што так, на цяперашні момант здаецца, што мы прайгралі, — цытуе Ціханоўскую Tut.by.

Разам з тым яна паказала, што ўжо цяпер ідзе пабудова структур для «заўтрашняй барацьбы». Яна дадала, што робяцца спробы звязаць паміж сабой розныя апазіцыйныя аб'яднанні — на ўзроўні дактароў, настаўнікаў, былых сілавікоў.

— Наша стратэгія ў тым, каб лепш арганізавацца, падвяргаць рэжым пастаяннаму ціску — да таго часу, пакуль людзі не будуць гатовыя выйсці на вуліцы зноў, магчыма, вясной, — рэзюмавала экс-кандыдат у прэзідэнты.

«Павінна прызнацца, што часам барацьба становіцца настолькі цяжкай, ціск — настолькі моцным, што наступаюць моманты адчаю. Часам мне здаецца, што было б лепш вярнуцца ў Беларусь і хай яны мяне там арыштуюць, і тады мне не трэба было б браць на сябе гэтыя цяжкія абавязкі, згаджацца на гэтыя ахвяры, спрабаваць вырашыць праблемы, якія здаюцца невырашальнымі. Так, часам такое бывае. Але тут жа разумееш, што не можаш гэта зрабіць, калі ты сімвал, нацыянальны лідар; што не можаш узяць і кінуць усё гэта. І ты застаешся адна на некалькі хвілін, каб паплакаць», — сказала яна.

Святлана Ціханоўская выказала надзею на тое, што падчас свайго візіту ў Швейцарыю сустрэнецца з новым старшынёй Федэральнай рады гэтай краіны Андрэасам Эбі, а таксама з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет. З ёй лідарка беларускай апазіцыі, у прыватнасці, спадзяецца абмеркаваць перспектывы «міжнароднага расследавання злачынстваў, учыненых у краіне ў апошнія месяцы».