Фота CNN

Кампанія абяцае, што новая версія батончыка KitKat V захавае «ідэальны баланс паміж хрумсткай вафляй і шакаладам». Замест звычайнага малака, якое было ключавым інгрэдыентам шакаладу KitKat, будзе выкарыстоўвацца рысавае.

Веганскі батончык з’явіцца сёлета спачатку ў некаторых краінах, а пасля яго будуць распаўсюджваць ва ўсім свеце, паведамляе CNN.

«Смак быў ключавым фактарам пры распрацоўцы шакаладу на расліннай аснове для нашага новага веганскага KitKat, — сцвярджае Луіз Барэт, кіраўніца Тэхналагічнага цэнтра кандытарскіх вырабаў Nestlé. — Мы імкнуліся стварыць смачную веганскую альтэрнатыву, якая б не саступала арыгінальнаму KitKat».

Харчаванне на расліннай аснове становіцца ўсё больш папулярным, і вядомыя харчовыя брэнды пачынаюць гэта ўлічваць. У 2019 годзе кампанія Mars запусціла веганскую версію сваіх шакаладных батончыкаў. Іншыя вытворцы, напрыклад, Lindt і Cadbury, нядаўна пачалі вырабляць веганскія цукеркі.

«Адбываецца паступовая харчовая рэвалюцыя, якая змяняе тое, што ядуць людзі. Мы імкнёмся падтрымліваць гэты працэс і пашыраць разнастайнасць раслінных прадуктаў», — заяўляюць прадстаўнікі Nestlé.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?